Паведамленьне пра меркаваную сустрэчу з «Начнымі ваўкамі» берасьцейскія СМІ атрымалі з электроннага адраса Берасьцейскага аблвыканкаму. У камэнтары Свабодзе начальнік аддзелу па працы з СМІ аблвыканкаму Вадзім Ляўковіч распавёў, што гэта было не запрашэньне на прэсавую канфэрэнцыю, а проста «інфармаваньне».
У электронным лісьце, які яшчэ 20 красавіка быў разасланы з аблвыканкаму берасьцейскім дзяржаўным і некаторым недзяржаўным СМІ, у прыватнасьці, гаварылася:
«Інфармуем, што 1 траўня 2016 г. у 8.00 у Генэральным кансуляце Расеі ў Берасьці адбудзецца прэс-канфэрэнцыя Міжрэгіянальнай грамадзкай арганізацыі „Начныя ваўкі“, прысьвечаная мотамаршу «Дарогі Перамогі — на Бэрлін 2016 г.».
Таксама ў лісьце ўтрымліваліся зьвесткі пра іншыя мерапрыемствы, якія меркавалі ладзіць расейскія байкеры ў Берасьці.
Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да начальніка аддзелу па працы з СМІ берасьцейскага аблвыканкаму Вадзіма Ляўковіча, каб той пракамэнтаваў, чаму аблвыканкам запрашаў журналістаў на мерапрыемства «Начных ваўкоў»:
— Не, аблвыканкам не запрашаў ніякіх журналістаў на прэс-канфэрэнцыю. Гэтая інфармацыя была ў адкрытых крыніцах, яна паведамлялася ад журналіста да журналіста.
— Але ў мяне ёсьць нават скрыншот электроннага ліста, што аддзел па працы са СМІ запрашаў кіраўнікоў СМІ Берасьцейшчыны...
— Не, паглядзіце ўважліва. Там не напісана — «запрашаем». А — «паведамляем». Мы зьбіраем зьвесткі пра нейкія мерапрыемствы і дасылаем іх журналістам. Каму цікава, той удзельнічае ў нейкіх там паседжаньнях, у мерапрыемствах. Каму нецікава, той проста не зьвяртае ўвагі на гэтую інфармацыю.
— То бок нават калі б польскія байкеры ехалі, напрыклад, у Катынь, то аблвыканкам таксама б праінфармаваў журналістаў?
— Калі б нас праінфармавалі, то мы таксама перадаём такую інфармацыю.
Пракрамлёўскія байкеры «Начныя ваўкі» наведвалі Берасьце 1 траўня, калі няўдала спрабавалі перасекчы беларуска-польскую мяжу ў часе свайго мотапрабегу да Бэрліну.
У Брэсцкай крэпасьці «ваўкоў» сустракалі ня толькі прадстаўнікі расейскага кансуляту, але і моладзь з БРСМ на чале з выканаўцам абавязкаў першага сакратара берасьцейскага аддзяленьня арганізацыі Дзянісам Сілівонікам.