Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 3 траўня падпісаў указ аб скліканьні пятага Ўсебеларускага народнага сходу.
Пра гэта паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Сход пройдзе ў Менску 22–23 чэрвеня. У ім возьмуць удзел 2,5 тысяч чалавек.
Будуць абмеркаваны вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2011–2015 гады і праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016–2020 гады.
Падчас паездкі па чарнобыльскіх раёнах Лукашэнка ўпершыню растлумачыў, навошта зьбіраецца праводзіць Усебеларускі народны сход:
«У такі час людзям патрэбныя арыенціры. Людзям трэба паказаць, як будзем жыць заўтра. Не баючыся сказаць праўду, што мы нешта не зрабілі, недапрацавалі».
Таксама Лукашэнка адзначыў, што «праграма будзе абсалютна рэалістычнай, не манілаўшчынай».