Гішпанскі суд выдаў ордэр на арышт зьвязаных з мафіяй расейцаў з «уладных колаў Пуціна»

Уладзіслаў Рэзьнік

Генпракурор Расеі раней заяўляў, што ня стане выдаваць Гішпаніі аднаго зь іх — дэпутата «Единой России».

Нацыянальная судовая калегія Гішпаніі выдала міжнародны ордэр на арышт некалькіх грамадзянаў Расеі, зьвязаных з мафіёзнымі схемамі, у тым ліку прадстаўнікоў «уладных колаў» Пуціна, піша El Mundo. Кожны абвінавачваецца ў «асабліва цяжкіх злачынствах», зьвязаных з Тамбоўскай і Малышаўскай злачыннымі групоўкамі.

У 2008 годзе гішпанскія праваахоўнікі правялі апэрацыю супраць злачынных груповак, у выніку якой былі арыштаваныя ейныя кіраўнікі і яшчэ два дзясяткі чалавек. Далейшае расьсьледаваньне паказала на цесную сувязь злачынцаў з асобамі, блізкімі да Пуціна.

Ордэр выдадзены на арышт дэпутата расейскай Дзяржаўнай Думы ад «Единой России», сябра Вышэйшага савету гэтай партыі Ўладзіслава Рэзьніка (раней абвешчанага ў вышук па лініі Інтэрполу) і яго жонкі, начальніка Галоўнага ўпраўленьня МУС РФ па Цэнтральнай фэдэральнай акрузе; намесьніка дырэктара Наркакантролю генэрала Мікалая Авулава; раней тройчы судзімага «зьвязнога з Авулавым» Леаніда Хрыстафорава (арыштаванага падчас апэрацыі ў 2008 годзе, але выпушчанага пад заклад праз два гады); і былога намесьніка старшыні Сьледчага камітэту пры пракуратуры Ігара Сабалеўскага.

Раней генэральны пракурор Расеі Юры Чайка заявіў, што Расея ня мае намеру выдаваць Гішпаніі Рэзьніка.