Пра гэта ў панядзелак паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на кіраўніка прабегу Андрэя Баброўскага. Паводле яго, цяпер байкеры знаходзяцца ў Славаччыне і ў аўторак накіруюцца ў Брно (у Чэхіі), каб злучыцца з групай, якой удалося праехаць па маршруце ў Польшчы.
Баброўскі назваў сакрэтам тое, як сябрам клюбу ўдалося трапіць у Эўразьвяз, абмінаючы Польшчу. Ён адзначыў, што цяпер калёна налічвае каля 20 чалавек, а бліжэйшымі днямі іх шэрагі будуць папаўняцца новымі ўдзельнікамі.
29 красавіка МЗС Польшчы заявіў, што ўлады краіны вырашылі не прапускаць на сваю тэрыторыю «Начных ваўкоў». У выніку польскага пасла ў Маскве Катажыну Пелчынску-Налэнч выклікалі ў МЗС Расеі. Нягледзячы на тое, што некаторым расейскім байкерам не ўдалося перасячы польскую мяжу, мотапрабег працягнулі тыя ўдзельнікі, якія прыехалі ў Польшчу загадзя, а таксама сябры клюбу, якія жывуць у Эўропе.
Лідэр «Начных ваўкоў» Аляксандар Залдастанаў па мянушцы «Хірург», уключаны ЭЗ і ЗША ў «чорны сьпіс» асоб, якім не дазволены ўезд на тэрыторыю гэтых краінаў.