Раварыстам зь Менску Станіславу Канавалаву і Дзьмітрыю Паліенку будзе пагражаць да 6 год зьняволеньня за хуліганства, калі іх справы дойдуць да суду.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у менскай гарадзкой міліцыі на двух удзельнікаў роварнай акцыі «Крытычная маса», якая праходзіла ў Менску 29 красавіка і была спыненая міліцыяй, заведзеныя крымінальныя справы паводле 2 часткі 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Гэта артыкул пра аказаньне супраціву супрацоўніку міліцыі.
Раніцай 2 траўня ў менскай гарадзкой міліцыі інфармацыю пра завядзеньне крымінальных спраў на Станіслава Канавалава і Дзьмітрыя Паліенку не пацьвердзілі, але і не абверглі.
«Зьвесткі ёсьць, але іх трэба яшчэ ўзгадніць», — сказаў карэспандэнту Свабоды кіраўнік прэсавай службы ГУУС Менску Аляксандар Ластоўскі.
29 красавіка ў Менску былі затрыманыя больш за 10 раварыстаў, якія сабраліся на акцыю «Крытычная маса» з мэтай прадэманстраваць уладам недахопы роварнага руху па вуліцах гораду. Паводле затрыманых раварыстаў, зь імі абыходзіліся вельмі жорстка, у тым ліку зьбівалі. Большасьць затрыманых адпусьцілі, але Станіслава Канавалава і Дзьмітрыя Паліенку пакінулі ў пастарунку.
Па зьвестках «Вясны», 30 красавіка ў кватэры раварыста Станіслава Канавалава адбыўся ператрус, у яго забралі цьвёрды дыск кампутара. Тады ж стала вядома пра пагрозу завядзеньня на раварыста крымінальнай справы за хуліганства.