На сайце групоўкі паведамляецца, што хакеры атрымалі доступ да архіву перапіскі ў WhatsApp і карэспандэнцыі з двух паштовых скрыняў. Адзначаецца, што «першы адрас належыць асабіста Кісялёву, другі фармальна скрыня яго жонкі».
Як сьцьвярджаюць хакеры, асноўную частку перапіскі займаюць лісты, зьвязаныя з прафэсійнай дзейнасьцю Кісялёва, — тэлевізійны праект «Россия сегодня» і ўсё з ім зьвязанае, таксама прадстаўлена інфармацыя аб фінансах і актывах, як асабістых, гэтак і зьвязаных з тэлепраектамі дзяржащнага расейскага тэлебачаньня.
У шэрагу лістоў раскрываюцца падрабязнасьці фінансавага становішча Кісялёва. У адным з іх паведамляецца аб куплі элітнай кватэры плошчай 204 м2 у цэнтры Масквы за 162 мільёны расейскіх рублёў у лютым 2014 году.
У паведамленьні хакераў таксама гаворыцца, што зь перапіскі жонкі Дзьмітрыя Кісялёва можна зрабіць выснову, што яна купіла гатовую дыплёмную працу і гатовыя артыкулы на тэму псыхіятрыі, якія за грошы разьмяшчае ў адпаведных спэцыялізаваных выданьнях.
Паштовыя паведамленьні датаваныя ад 2009 году па красавік 2016 году.
Ананімны інтэрнацыянал (таксама вядомы як «Шалтай-Болтай») — хакерская групоўка, якая праславілася публікацыяй дакумэнтаў для ўнутранага карыстаньня, датычных унутранай палітыкі РФ, а таксама асабістай паштовай перапіскі, якая належыць членам ураду Расеі і шэрагу расейскіх дэпутатаў.