Насуперак традыцыі, наша сёньняшняя размова — не пра турмы і іх насельнікаў, а пра тых, хто змагаецца з парушальнікамі закону, ловіць іх і саджае, ратуючы нас, законапаслухмяных, ад хуліганаў, злодзеяў і іншых злачынцаў. Прынамсі так яно павінна выглядаць.
Тым больш што, як сьведчаць навукоўцы-крымінолягі, паміж ростам злачыннасьці і эканамічнай сытуацыяй ёсьць непасрэдная сувязь. Лічыцца, што ў часы эканамічнага заняпаду шанцаў стаць ахвярай злачынца больш, чым у пару дабрабыту.
Ці давяраем мы чалавеку ў пагонах? Як часта зьвяртаемся па дапамогу да гэтых людзей і наколькі тая бывае дзейснай? Што за людзі сёньня ідуць у міліцыю?
Гэтыя пытаньні ў нашай перадачы будуць абмяркоўваць людзі зь немалым стажам працы ў органах МУС, а таксама тыя, чыя бясьпека залежыць у тым ліку і ад прадстаўнікоў гэтай структуры.
Напачатку апытаньне мінакоў на вуліцах Магілёва.
Your browser doesn’t support HTML5
Да гэтых уражаньняў дазволю сабе дадаць свае ўласныя.
«Ваш дом вельмі культурны — зь яго мы пасадзілі толькі дваіх»
Па-сапраўднаму выраз «мая міліцыя мяне беражэ» я пачала разумець гадоў дзесяць таму, як толькі ў наш дом, у пяціпакаёўку на першым паверсе (яе ранейшым гаспадаром быў ЖЭС) засяліўся апорны міліцэйскі пункт. Насуперак правілам эксплюатацыі жыльлёвага фонду падобнымі структурамі, гэты «апорнік» асобнага ўваходу ня меў, і трапіць у яго можна было толькі праз пад’езд.
У міліцэйскім навасельлі былі два несумненныя плюсы: дом пакінулі бамжы, а на дзьвярах у пад’езд паставілі дамафон. Праўда, дзьверы ўсё роўна заставаліся адчыненымі, бо ад наведнікаў не было адбою. Гэта былі людзі, якія цярпелі ад правапарушальнікаў, а таксама і самі правапарушальнікі, якіх міліцыя затрымлівала або выклікала да сябе позваю.
Паколькі людзі ў пагонах свой працоўны час праводзілі збольшага, так бы мовіць, у «гарачых кропках» участку, наведнікі маглі іх чакаць гадзінамі — то каля пад’езду, а то і ў самім пад’езьдзе на лесьвічнай клетцы. У чаканьні многія пілі піва. Як лёгка здагадацца, неўзабаве і ліфт, і сам пад’езд ператварыліся ў грамадзкую прыбіральню. На ноч пад’езд усё ж зачыняўся, аднак мірны сон жыхароў рэгулярна парушалі настойлівыя званкі з дамафону. Далёкія ад цьвярозасьці галасы патрабавалі ў перапалоханых жыхароў адчыніць дзьверы і пусьціць іх у міліцыю, якая ў той час спала ў сябе дома. У ЖЭСы, выканкамы пайшлі скаргі з патрабаваньнем перавесьці апорнік у іншае месца ці прынамсі зрабіць для яго асобны ўваход. Але скаргі засталіся без увагі, бо ў міліцыянтаў, як яны, прынамсі, самі казалі, грошай на такую перабудову не было.
Самі ж міліцыянты рабілі неблагое ўражаньне. Матам калі і лаяліся, то за зачыненымі дзьвярыма — гэта было чуваць на іншым паверсе, але ж... ня бачна.
«Ваш дом вельмі культурны, — сказаў мне аднойчы ўчастковы. — Мы пасадзілі ў вас толькі дваіх наркаманаў». Папрасіўшыся да мяне ў кватэру, каб разагрэць у мікрахвалёўцы свой абед, участковы расказаў мне пра сваю нялёгкую і ня самую прывабную працу, а пад канец па-сяброўску параіў скарыстацца паслугамі знаёмай фірмы, якая ставіць сыгналізацыю. Нічога кепскага пра ўчастковага сказаць не магу — сымпатычны малады чалавек.
Неўзабаве ў доме пачаўся капрамонт. Разам з рамонтнікамі па пад’ездах пайшла гуляць ужо ня толькі старая знаёмая кліентура, але і тыя, пра каго пішуць: іх шукае міліцыя. У кватэры пачалі званіць гаваркія чарнявыя жанчыны: «Мы з братняй суседняй Украіны, вы ж ведаеце, як там цяжка, едзем назад дадому, крыху зарабілі на продажы посуду і коўдраў, будзе чым парадаваць дзетак, сёе-тое засталося, ня хочацца везьці назад, а вы такі сымпатычны (такая сымпатычная), вазьміце гэта амаль задарма».
У нашым доме шмат хто мае самыя цёплыя пачуцьці да Ўкраіны. Некаторыя бабулькі-дзядулькі ў знак салідарнасьці перадавалі «дзеткам» цацкі сваіх унукаў... Пасьля разьвітаньня, аднак, заўважалі, што прапалі грошы ці каштоўныя рэчы — можна сказаць, пад самым носам у міліцыі.
Міліцыянты, зрэшты, працавалі. Пасьля заяваў пра крадзяжы яны абыходзілі кватэры, пыталіся пра «ўкраінак» і раілі нікога ў хату не пушчаць.
Празь некаторы час клопату ім дадалі рамонтнікі. У сутарэньнях, зь якіх ішоў жудасны смурод, яны знайшлі цела забітай жанчыны, якое праляжала там найменей год. Потым у ліфтавай шахце знайшлі наркатычныя закладкі. Як для жыхароў, дык гэта знаходка была наўрад ці нечаканай. З сваіх вокнаў некаторым даводзілася назіраць, як на рагу дзьвюх невялікіх вулачак, непадалёк ад прыпынку грамадзкага транспарту, што ледзь не насупраць вокнаў апорніка, то зьбягаюцца, то разьбягаюцца хлопцы ў чорных капюшонах.
Летась пад Новы год рамонт скончыўся. Для міліцыянтаў зрабілі асобны ўваход, дзьверы ў апорнік з пад’езду замуравалі. У пад’езьдзе запрацаваў дамафон. Аднак «тыя, каго шукае міліцыя», працягвалі стукацца ў дзьверы кватэраў і прапаноўваць спачатку фільтры для вады, а потым і іншыя паслугі, кшталту дыягностыкі вокнаў. Паралельна на хатнія тэлефоны званілі незнаёмыя людзі, якія пераконвалі, што ўстаноўка фільтраў — гэта наша здароўе, а прафіляктыка вокнаў — грамадзянскі абавязак. Асабліва даверлівыя вяліся на словы «грамадзянскі абавязак», на абяцаную зьніжку ў мільён рублёў, заключалі дагаворы, рабілі перадаплату 200 тысяч... Увечары, вярнуўшыся з працы, іх менш даверлівыя сямейнікі высьвятлялі, што пра падобныя фірмы ды паслугі ня ведаюць ані ЖЭСы, ані ЖРЭА. Спрабавалі вярнуць грошы назад, але... Мяркуючы паводле сацсетак ды СМІ, такі развод робіцца па ўсім горадзе. Чуткі дайшлі і да міліцыянтаў з апорнага пункту. на дзьвярах пад’ездаў павесілі аб’явы — кшталту: нікому не адчыняйце, тэлефануйце ў 102, а лепш за ўсё — зрабіце фотку ашуканцаў. Цікава, якім чынам гэта зрабіць, калі не адчыняць дзьверы? Ёсьць і іншыя пытаньні...
Якое міліцэйскае падразьдзяленьне павінна займацца такім ашуканствам Ці вартыя паборы ў 200 тысяч і іншыя падобныя рэчы ўвагі людзей у пагонах? Колькі разоў усе мы былі сьведкамі, як міліцыянты ганялі няшчасных бабак зь семкамі? А тут, як падаецца, усё ж нешта больш сур’ёзнае... А можа, гэта толькі падаецца, і мы самі такія дурныя, што, нагледзеўшыся савецкіх ды расейскіх сэрыялаў (беларускіх пэўна не было) пра апэратыўную працу людзей у міліцэйскай форме, чакаем ад міліцыі немаведама чаго і сваімі званкамі ды скаргамі перашкаджаем тым жа ўчастковым лавіць сапраўдных злачынцаў? А хто, дарэчы, гэтыя сапраўдныя? І ці ня варта нам увогуле лішні раз падумаць, перш чым набіраць нумар 102?
Ці пазванілі б па 102 былыя міліцыянты?
Адказваць на пералічаныя вышэй пытаньні будуць афіцэры міліцыі. Некаторыя зь іх выйшлі на пэнсію, некаторыя звольніліся, адпрацаваўшы ў сыстэме колькі год і расчараваўшыся ў прафэсіі.
Маёр міліцыі, былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч, нягледзячы на пэўныя прэтэнзіі да сыстэмы МУС у цэлым, кажа, што сам бы ён, калі б узьнікла такая патрэба, набраў нумар 102. У часы СССР Сяргей служыў афіцэрам на касмадроме «Байканур». З 1995-га быў экспэртам-крыміналістам у РАУС у Віцебску. У 2004-м звольніўся зь міліцыі ў званьні маёра паводле стану здароўя. Удзельнік прадпрымальніцкага руху. У 2008 годзе пасьля ўдзелу ў акцыі прадпрымальнікаў у сталіцы быў арыштаваны і правёў некалькі месяцаў за кратамі.
Парсюкевіч: «Калі некага абакралі, пабілі, абрабавалі ці, ня дай Божа, штосьці горшае адбылося, то міліцыя, натуральна, у гэтым пляне працуе, гэта адназначна. Можа толькі ня так прафэсійна, як раней, бо кадравы голад існуе. Але сёньня ў міліцыі дастаткова тэхнічных сродкаў для хуткага выяўленьня злачынцаў. У любым выпадку, дапамогі ад міліцыі чакаць можна. Але калі справа ня мае нейкага палітычнага адценьня або не зьвязаная са спробаю паўплываць на ўладу. Інакш сэнсу зьвяртацца няма.
Таксама шмат што залежыць ад таго, хто зьвярнуўся. Калі гэта нейкі чыноўнік, то яны „ў кроў разаб’юцца“, але пастараюцца дапамагчы. Калі звычайны чалавек ці, ня дай Бог, апазыцыянэр, то, я думаю, шанцы на посьпех значна меншыя».
Гарадзенец Віктар служыў у органах МУС яшчэ ў часы СССР. Служба праходзіла ў тагачасным Ленінградзе. Пазьней знайшоў сябе іншую справу, якой захоплены не адзін дзясятак гадоў. Паводле ягоных словаў, міліцыя ў параўнаньні з савецкім часам «стала больш прафэсійнай, больш падрыхтаванай, лепш экіпіраванай».
Віктар: «Лічу, што сёньня міліцыя ўсё-ткі даволі добра спраўляецца з крымінальнікамі, асабліва ў нашай Гарадзенскай вобласьці. Раскрывальнасьць злачынстваў тут вышэйшая, а ўзровень злачыннасьці ніжэйшы, чым агулам па Беларусі. У гэтым ёсьць і заслуга мясцовай міліцыі. На жаль, з намі засталося і негатыўнае савецкае мінулае, калі, выконваючы загады з самога верху, міліцыянты, ня толькі КДБ, выяўлялі ды лавілі дысыдэнтаў, калі такія дзе былі.
Цяпер вельмі часта міліцыя ўдзельнічае ў перасьледзе людзей паводле палітычных поглядаў, а гэта не павінна адбывацца. Скажам так — міліцыя павінна служыць ня ўладзе аднаго чалавека, а ўсяму народу, людзям розных палітычных поглядаў. Не павінна ўдзельнічаць у палітычным перасьледзе, такая мая думка. Што да масавых акцыяў, то паводзіны міліцыі, асабліва спэцыяльнай, бываюць даволі жорсткія, бяз крайняй неабходнасьці. Людзі выйшлі выказаць свае погляды, яны нічога ня білі, не ламалі. Жорсткасьць з боку міліцыі не была неабходная зусім».
Паводле Сяргея Парсюкевіча, «у корані няправільнае» само стаўленьне міліцыі да народу:
«У нармальных краінах, — кажа ён, — гэта слугі народа, абавязаныя абараняць, дапамагаць. У нас мэнталітэт крышку іншы. Міліцыя — прадстаўнік улады. І часьцяком яны лухтой усякай займаюцца. Спускаецца плян па штрафах, па затрыманьнях, па злачынствах».
«Імідж міліцыі сапсаваны палкавай сыстэмай»
Былы апэратыўнік, цяпер пэнсіянэр МУС Андрэй апошнія гадоў 15 працуе таксістам. Гэтак жа, як і Сяргей Парсюкевіч, лічыць, што імідж міліцыі сапсаваны так званай «палкавай сыстэмай» — бяздумнымі загадамі зьверху адносна паказчыкаў раскрывальнасьці, затрыманьняў і г.д.
Андрэй: «Галоўнае там — выконваць плян. У крымінальным вышуку ад нас штодня патрабавалі раскрывальнасьці. Асабліва калі канкрэтнае злачынства знаходзілася пад кантролем у кіраўніцтва. Шараговае злачынства — гэта ўжо дадатак. Робіш што? Затрымліваеш рэальнага злачынцу. Ён бярэ на сябе рэальныя злачынствы. Сапраўдныя. Ты нічога на яго ня вешаеш. Напрыклад, наркаман. Ты раскрываеш усе ягоныя крадзяжы. Напрыклад, 10. Усё раскрываеш за адзін дзень, а начальству прыносіш для зводак справы аб гэтых крадзяжах дзесяць дзён. Каралі, калі штодня не было раскрыцьця. Што хочаш рабі, але раскрывай».
Сяргей Парсюкевіч: «Усё па пунктах: недзе лічбы, недзе працэнты. Калі летась раскрыцьцё злачынстваў было 50 адсоткаў, то сёлета менш за 50 дапускаць ніяк нельга. Калі сацыяльны рэйтынг міліцыі летась быў, напрыклад, 26 адсоткаў, то ня дай Бог цяпер будзе толькі 25. Будуць праблемы. Плюс, дапусьцім, усе ведаюць, што штрафы ідуць у бюджэт. Тая ж аўтаінспэкцыя абавязаная сабраць пэўную колькасьць штрафаў.
Такая ж сытуацыя і па дробных правапарушэньнях. Напрыклад, па знаходжаньні ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Я сам бачыў, як супрацоўнікі патрульна-паставой службы бегалі па вуліцы і практычна нюхалі — ці ня пахне ад каго алькаголем. Ёсьць пах? Значыць, ты паявіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Складаецца пратакол. У нармальнай сытуацыі ніхто б гэтым не займаўся. Але ў іх будуць праблемы, калі не затрымаюць пэўную колькасьць людзей.
Лічу, што ўвогуле ў КПЗ, за краты павінны трапляць людзі, якія напраўду нешта зьдзейсьнілі, а не зачапілі кагосьці плячом на вуліцы. Найчасьцей жа менавіта так і здараецца. Рэальна там адбываецца прыніжэньне чалавечай годнасьці, а гэта выклікае азлобленасьць у тых, хто аступіўся. Прычым ня толькі да міліцыі, але і да грамадзтва ў цэлым».
«Без крышаваньня заробкаў ня хопіць»
Былы ўчастковы Юры звольніўся на пэнсію дзесяць гадоў таму. Сёньня працуе сантэхнікам. Кажа, што некаторыя колішнія калегі нагадвалі яму тых прадстаўнікоў арганізаваных злачынных груповак, якіх асабіста яму даводзілася лавіць і саджаць. У часы ягонай службы шмат хто, так бы мовіць, «падпрацоўваў» «крышаваньнем» тых жа шапікаў, крамаў, рознага крымінальнага бізнэсу.
Юры: «Хіба вы пра гэта ня чулі? А як зарабіць яшчэ? Тых заробкаў, каб пракарміць сям’ю, ня хопіць. Тых жа прастытутак, напрыклад, усе „крышавалі“. Як і цяпер. Яны сёньня на любой трасе стаяць. Як вы думаеце, ці доўга яны прастаяць бяз сувязяў зь міліцыянтамі?! Яшчэ з савецкіх часоў міліцыя пачала паступова пераўтварацца ў АЗГ — арганізаваную злачынную групоўку. Кожны міліцыянт мог адчуваць сябе „царом ды Богам“. Напрыклад, калі ён затрымаў некага і той затрыманы яму не спадабаўся, ён можа напісаць рапарт, і яго падпіша пара-тройка сяброў, што сапраўды грамадзянін Н. падчас затрыманьня аказваў супраціў органам. І ўсё. У нас чалавек перад міліцыяй — бяспраўны. Крыўдна таксама і тое, што ёсьць супрацоўнікі адукаваныя, з унівэрсытэцкай адукацыяй, прычым не адной, і гэтыя людзі так і заставаліся ўчастковымі. Нікому не патрэбныя былі іх веды, досьвед, павышэньне па службе, праца на больш адказным участку. Такія рана ці позна звальняюцца, а ўсім глыбока пляваць, што з органаў невядома куды сыходзяць сапраўдныя прафэсіяналы».
Сяргей Парсюкевіч: «Нармальныя людзі імкнуцца туды не трапляць на працу. Калі раней былі патрэбныя як мінімум дзьве рэкамэндацыі ад дзейных супрацоўнікаў, то цяпер проста аб’ява: прымаем на працу. Прычым прыходзіць запрашэньне па пошце. Бывае, што людзям, якія затрымліваліся за нейкія адміністрацыйныя правапарушэньні. Наколькі я разумею, кадравы голад там шалёны. А калі так, людзі туды трапляюць не з высокімі інтэлектуальнымі магчымасьцямі».
Былы ленінградзкі патрульны Віктар: «Якасьць кадраў, іх прафэсіяналізм, інтэлект не залежыць ад часу. І тады розныя трапляліся, і цяпер.
Падчас службы мы зь сябрам — ён пазьней стаў мастаком — часта наведвалі Эрмітаж, Рускі музэй, іншыя музэі. Зразумела, у форме, каб трапіць туды без чаргі ды квіткоў. І аднойчы каля карціны вядомага мастака мы сталі спрачацца пра асаблівасьці яго творчасьці. А там была замежная экскурсія. Пазьней да нас падышла экскурсавод і сказала: я пераклала вашу размову турыстам, і яны сказалі, што ў іх у краіне паліцыянты звычайна ня ведаюць такіх рэчаў. Мы, такім чынам, спрацавалі на імідж савецкай міліцыі.
Хоць там было шмат хлопцаў ня вельмі далёкіх, з каго некалі пісьменьнік сьпісаў свайго Дзяржыморду — хапаць, не пушчаць, не дазваляць. Такіх і цяпер нямала. Як і адукаваных людзей».
Дыплямаваны юрыст Аляксандар звольніўся зь міліцыі ўсяго некалькі год таму. Пра апэратыўную працу марыў ледзь не зь дзяцінства. Дзеля таго каб зрабіць прафэсійную кар’еру ў МУС, пачаў з працы ўчастковага.
Аляксандар: «Дзеля таго каб працаваць опэрам у крымінальным вышуку, прайшоў шмат чаго. Напрыклад, непасрэдна ўдзельнічаў у групе захопу. Мы па наркотыках працавалі. Аднак сутыкнуўся з тым, што некаторых затрыманых выпускалі за грошы... У выніку прыйшло глыбокае расчараваньне... Чаму нармальныя, адукаваныя ды сумленныя прафэсіяналы там яшчэ працуюць? З кім я размаўляў з так званых „старых“, кажуць, што хочуць дацягнуць да пэнсіі. Плююцца, лаюцца, але імкнуцца дацягнуць. Сумняюся, што бліжэйшым часам людзі ўбачаць ад міліцыі нешта добрае».
Сяргей Парсюкевіч: «Пакуль падыходы не памяняюцца, ніякіх зьменаў у сыстэме ня будзе. Яны вось прыдумалі рэйтынг міліцыі па раёнах. Ну і што? Яны сходзяць і намалююць любую лічбу, як і на выбарах. Мы адстаём рэальна ад цывілізаваных краін у шмат якіх пытаньнях. Супрацоўнікі загружаныя папяровай працай, якая патрабуецца зноў жа таму, што ёсьць нейкія пляны, паказчыкі. Не абавязкова, каб ты пайшоў спраўдзіць адрас, дзе паяўляюцца, магчыма, злачынцы. Галоўнае, каб ты напісаў паперку, што схадзіў туды. І хто думае пра новыя тэхналёгіі, калі іншым галава забіта?»