Полацкага прафсаюзнага лідэра будуць судзіць за пікет супраць уласнага звальненьня

Мікола Шарах – з прафсаюзным сьцягам

У Полацкім РАУС спадару Міколу Шараху прызначылі дату судовага разьбіральніцтва — 12 траўня.

У пастарунак актывіст СПБ трапіў па сканчэньні прафсаюзнага пікету, падчас якога праваахоўнікі не выказвалі да ўдзельнікаў ніякіх прэтэнзій.

Пікет праходзіў каля кінатэатра “Радзіма”

«Я вяртаўся дахаты. Толькі заходжу ў пад’езд, як сьледам ляцяць два чалавекі з крыкамі «Эй, мужык, пастой!» ці нешта ў такім духу. Дзьверы ў пад’езд зачыняюцца марудна, і яны пасьпелі ўскочыць. А я не пасьпеў дайсьці да сваёй кватэры — гэтыя двое на мяне накінуліся ззаду. Я хацеў вырвацца, прычым дужа сябе стрымліваў: у мяне досыць моцы, каб пакласьці гэтых дваіх на падлогу... На шум зьбегліся суседзі, закрычалі : «Коля, мы ўжо выклікалі міліцыю, зараз цябе прыедуць ратаваць». І толькі тады гэтыя двое сказалі: «Дык мы і ёсьць міліцыя». Якая вы міліцыя, калі ў цывільным, сябе не называеце, пасьведчаньняў не паказваеце? Тут дасталі і пасьведчаньні. Але я ж без акуляраў ня бачу, а рукі мне закруцілі... Карацей, сказалі мне, што беглі сьледам, «каб высьветліць асобу». Чаго яе высьвятляць? У мяне пры сабе і пашпарт, і пасьведчаньне з працы. Не, кажуць, усё адно трэба ехаць у райаддзел. Мы паехалі на іхняй машыне, якая таксама была не службовая. А суседзі засталіся разьбірацца з нарадам, які прыехаў на выклік», — распавёў Свабодзе Мікола Шарах.

Мікола Шарах каля райаддзела міліцыі

У пастарунку актывісту сказалі, што ён затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Шарах заявіў, што хоча мець адваката, паколькі справа ўжо дайшла да складаньня пратаколу. Аднак у гэтым яму адмовілі — заявілі, што адваката можна мець толькі ў тым выпадку, калі вядзецца пра крымінальную справу. А на яго склалі два пратаколы па дзьвюх адміністрацыйных справах: за несанкцыянаванае пікетаваньне і за непадпарадкаваньне міліцыянтам — падчас затрыманьня ў пад’езьдзе.

Міколу Шараха пратрымалі ў пастарунку болей, чым належныя тры гадзіны. Пра гэта ён яшчэ зьбіраецца напісаць скаргу. Дзьве скаргі ў пракуратуру ўжо падаў: пра налёт у пад’езьдзе і пра тое, што яго пазбавілі права на абарону. Удзельнікі пікету, Мікола Шарах і ягоны паплечнік Віктар Стукаў, зазначаюць, што падчас пікету ніякіх заўвагаў ад супрацоўнікаў міліцыі не было. Хаця пікетоўцаў увесь час здымаў апэратар у цывільным. Праўда, падыходзіла супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу Натальля Ганебная, гаворыць Віктар Стукаў:

Падчас пікету

«Падышла і спытала, ці ёсьць у нас дазвол. Я сказаў, што няма і забароны. Бо адказу на сваю заяўку ў райвыканкам мы ўвогуле не атрымалі. Зрэшты, у гэтай заяўцы мы дазволу не прасілі, бо гэта было прафсаюзнае мерапрыемства. І ў адпаведнасьці з артыкулам 3 Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 87 аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы дзяржаўныя ўлады ня маюць права замінаць прафсаюзнай дзейнасьці ў любой яе форме, у тым ліку і падчас масавых акцый».

Прафсаюзны пікет праводзіўся дзеля падтрымкі Міколы Шараха, якога звальняюць з ААТ «Полацак-Шкловалакно». Падтрымаць прафсаюзнага лідэра, якога добра ведаюць у горадзе, прыйшлі і мясцовыя прадпрымальнікі, і калегі, і журналісты, і актывісты дэмакратычных сілаў.

Падчас пікету. Здымае міліцэйскі апэратар

Напрыканцы сакавіка намесьнік кіраўніка «пярвічкі» СПБ на ААТ «Полацак-Шкловалакно» Мікола Шарах атрымаў паведамленьне, што 29 красавіка ў яго апошні працоўны дзень: далей ня будзе працягнуты працоўны кантракт. Ён працуе памочнікам майстра ў цэху вытворчасьці шкловалакна, мае больш за 30 год стажу і найбольшы досьвед працы ў сваім цэху, а таксама дзьве вышэйшыя адукацыі — тэхнічную і юрыдычную. Апрача гэтага, ён зьяўляецца намесьнікам старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага.

Мінулы раз кантракт зь ім быў заключаны на 5 гадоў. У пачатку траўня спадару Шараху споўніцца 58 год. Паводле калектыўнай дамовы, з прадпрыемства нельга звольніць працаўніка, якому засталося менш як тры гады да пэнсіі. Аднак непасрэдна перад тым, як папярэдзіць актывіста пра звальненьне, у калектыўную дамову ўнесьлі зьмены. Раней там было сказана, што работніка перадпэнсійнага ўзросту нельга звольніць, калі ён ня меў працоўных спагнаньняў цягам апошняга году. Аднак 1 сакавіка, якраз напярэдадні падзеяў зь Міколам, у калектыўную дамову запісалі, што спагнаньняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга працоўнага кантракту. У выпадку Міколы Шараха— гэта 5 гадоў, і за гэты тэрмін адміністрацыя знайшла пару зачэпак —спазьненьне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, парушэньне інструкцыі па ахове працы ў 2012 годзе і нават прагул у 2012 годзе — калі Мікола езьдзіў на сэмінар у замежжа.

«Імкненьне адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» пазбавіцца ад прафсаюзнага актывіста можна патлумачыць толькі адным: дыскрымінацыяй па прыкмеце сяброўства ў незалежным прафсаюзе і нежаданьнем мець на прадпрыемстве чалавека, які стварае «праблемы» для кіраўнікоў — дапамагае рабочым адстойваць свае працоўныя правы, лічыць Віктар Стукаў, кіраўнік «пярвічкі» СПБ на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно».

Пра затрыманьне пасьля пікету, на якім абмяркоўвалі падрабязнасьці звальненьня, стала вядома сябрам незалежных прафсаюзных суполак зь іншых гарадоў Беларусі. Яны выказваюць падтрымку і намер прыехаць на судовы працэс.