У выданьні ідзе гаворка пра тых, хто арганізоўваў для беларусаў, якія пацярпелі ад катастрофы, замежныя паездкі, гуманітарныя канвоі, лячэньне і іншую дапамогу. Як адзначае Аляксандар Тамковіч, ён хацеў паказаць два бакі — беларускі і нямецкі. Менавіта Нямеччына была лідэрам сярод краін, якія спрычыніліся да чарнобыльскіх ініцыятываў.
Пры падтрымцы амбасады Нямеччыны ў Беларусі кніга выйдзе на беларускай і расейскай мовах у Беларусі і па-нямецку ў Нямеччыне.
Радыё Свабода пагутарыла з Аляксандрам Тамковічам.
— Спадар Аляксандар, дапамогу пацярпелым ад Чарнобыля аказвалі і аказваюць шмат краін. Чаму вы пішаце менавіта пра Нямеччыну?
— Калісьці існавала міжнародная асацыяцыя чарнобыльскіх ініцыятыў. Туды ўваходзілі прадстаўнікі 21 краіны. Усяго было 610 замежных чарнобыльскіх ініцыятыў, але каля 300 зь іх былі ў Нямеччыне. Гэтая краіна была першай, хто прапанаваў дапамогу і хто даў яе Беларусі найбольш. Там жа нарадзілася ідэя міжнароднага чарнобыльскага руху. Мая кніга — гэта спроба сказаць дзякуй немцам. У нас на дзяржаўным узроўні шырока сьвяткуецца гадавіна Перамогі, гэта сьвята, у кантэксьце якога немцы — гэта захопнікі і акупанты. Але няправільна ўспрымаць немцаў толькі ў сувязі з Другой усясьветнай вайной. Ёсьць іншая дата, і мы павінны яе ведаць. Я хачу стварыць іншы вобраз немцаў — нацыі, якая неабыякава паставілася да чарнобыльскага гора беларусаў.
— Чаму вы ўзяліся за гэтую кнігу? Напэўна, была асабістая прычына?
— У 1996 годзе дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля» каля сабору Ўсіх Тужлівых Радасьць пасадзіў сад. Гэта было прымеркавана да 10-годзьдзя катастрофы. Пасьля сьмерці Генадзя Грушавога, які прысьвяціў вялікую частку свайго жыцьця дапамозе чарнобыльцам, ад сьвятароў царквы была ініцыятыва называць гэты сад імем Грушавога. Ідэя напісаць кнігу была ў мяне вельмі даўно, я сябраваў з Грушавым і заўсёды казаў яму, што трэба, каб пра яго дзейнасьць і дзейнасьць яго паплечнікаў засталася памяць. А зроблена шмат — 600 тысяч беларускіх дзетак зьезьдзілі на аздараўленьне. Гэта, па сутнасьці, цэлы горад. Апроч аздараўленьня была безьліч іншых праграмаў — моладзевых, жаночых, праграмаў для дактароў, для пажылых людзей. Зразумела, што варта было пра гэта напісаць. Я казаў Генадзю: «Трэба гэта зафіксаваць, бо іначай забудзецца». Але Грушавы заўсёды казаў: «Добра, добра», але рукі так і не даходзілі. Пасьля Генадзь захварэў — анкалёгія. Я зразумеў, што кнігу трэба пісаць і пісаць абавязкова. Але не дазвалялі абставіны: захварэла яго маці, затым здарыўся інфаркт, ну, а ў 2014 годзе Генадзь памёр. Я ўжо думаў ставіць крыж на праекце.
— Але вы ня кінулі ідэю. Хто вам дапамог, як ня стала Грушавога?
— Мяне вельмі ўразіла Ірына Грушавая. Яна ўзяла на сябе вялікую працу для таго, каб праект быў запушчаны. Мы зьвярнуліся ў амбасаду Нямеччыны і прапанавалі зрабіць кнігу — два погляды на адзін боль. Каб туды ўвайшоў погляд чарнобыльскіх рэгіёнаў і погляд зь Нямеччыны: тыя, каму дапамагалі, і тыя, хто дапамагаў. Немцам ідэя спадабалася. У выніку дзякуючы нямецкай амбасадзе я праехаў 4,5 тысячы кілямэтраў па чарнобыльскіх рэгіёнах.
— Хто аўтары кнігі?
— Усяго атрымалася 42 артыкулы. Сярод аўтараў Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў, Юры Хашчавацкі, Валярына Кустава, Генадзь Кесьнер, Сяргей Ваганаў, Алесь Марачкін, журналісты Радыё Свабода Алена Панкратава і Алесь Дашчынскі. Увогуле, сабралася вельмі прыстойная кампанія. Пісалі маналёгі, нарысы, падарожныя нататкі, інтэрвію.
— Якім чынам кніга будзе распаўсюджвацца? Дзе яе можна будзе пачытаць?
— Гэта не камэрцыйны праект. Кніга найперш будзе цікавая тым, хто займаўся гэтай справай. Беларускі наклад ня будзе вялікі, асноўны наклад выйдзе ў Нямеччыне. Мы павінны падзякаваць людзям, якія дапамагалі Беларусі 30 гадоў. І працягваюць працаваць. Паездкі беларусаў у Нямеччыну працягваюцца. Ужо езьдзяць дзеці тых дзяцей, якія былі першымі запрошанымі. Гэта вельмі кранальна. Прычым запрасіць можа не абы-якая сям’я — ёсьць конкурс на тое, каб запрасіць беларускае дзіця.
— Часам даводзіцца чуць пра няшчырасьць запрашэньняў, нібыта чалавек тады атрымлівае падатковыя льготы. Што вы на гэта можаце сказаць?
— Гэта лухта. Нічога такога няма. Людзі са сваёй кішэні выкладваюць сродкі, зьбіраюць грошы. Гэта можа быць толькі шчыра. Ды я і ня ведаю больш такіх прыкладаў, каб нешта такое рабілася праз 30 год пасьля падзеі.
— У год 30-годзьдзя катастрофы ў Чарнобылі беларусы будуюць сваю атамную станцыю. Як вы ставіцеся да гэтага?
— Калі б мне 30 год таму сказалі, што Беларусь будзе будаваць сваю атамную станцыю, я б сказаў, што гэта думкі хворага чалавека. Але, на жаль, сёньня гэта рэальнасьць. Вось чаму немцы імкнуцца закрываць свае атамныя станцыі, а беларусы пачынаюць будаваць? Я не хачу спрачацца з прыхільнікамі АЭС, але мне здаецца, што немцы заслугоўваюць большага даверу ў такім пытаньні.
Нямецкая амбасада ў Менску і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» запрашаюць на прэзэнтацыю кнігі Аляксандра Тамковіча «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да Сада Надзеі», якая прысьвечаная 30-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Прэзэнтацыя адбудзецца 29 красавіка а 14-й гадзіне ў Клюбным пакоі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёханаса Раў (праспэкт Праўды, 11).