Жыхары Бараўлянаў выступілі супраць высяканьня лесу. ВІДЭА

Мясцовыя жыхары даводзяць работнікам лесагаспадаркі, чаму патрэбна захаваць лес

Жыхары вуліцы 40 гадоў Перамогі ў пасёлку Бараўляны каля Менску зладзілі акцыю пратэсту супраць высяканьня лесу і будоўлі каналізацыйнай катлавіны пад вокнамі іхніх дамоў.

Чыноўнікі і грамадзяне апынуліся па розныя бакі барыкадаў

Яны прыйшлі на месца высяканьня лесу і сваёй прысутнасьцю і патрабаваньнямі змусілі працаўнікоў лесагаспадаркі спыніць працу. Месьцічы сьцьвярджаюць, што лясны масіў — апошняе месца адпачынку і крыніца сьвежага паветра для ўсіх Бараўлянаў.

Гэткімі знакамі-папярэджаньнямі мясцовых жыхароў цяпер сустракае лес, у якім яны адпачывалі і празь які дзеці хадзілі ў школу

Не зважаючы на пратэсты, рабочыя пасьпелі павысякаць прасекі, паваліўшы некалькі сотняў моцных дрэваў

Пратэставалі пераважна жанчыны, шмат хто прыйшоў зь дзецьмі. Пратэстоўцы кажуць, што з прычыны плянаў збудаваць паблізу ад жылых дамоў сьцёкавы калектар, які мае зьбіраць сьцёкі з усяго пасёлку, шмат якія маладыя сем’і прадаюць кватэры і пакідаюць Бараўляны.

Месьцічы заяўляюць, што ўлады, высякаючы лес пад будоўлю сьцёкавага калектара, пазбаўляюць будучыні іх дзяцей

Бульдозэр, які выкарчоўвае пні сьпілаваных дрэваў, мусіў спыніць працу пад націскам людзей

Заяўляюць таксама, што ўлады належным чынам не праінфармавалі жыхароў аб правядзеньні грамадзкіх слуханьняў, і многія не змаглі ўзяць у іх удзел.

Спыніць пратэст мясцовых жыхароў і аднавіць працу прадстаўніку лесагаспадаркі ўласнымі сіламі не ўдалося

Іншыя цьвердзяць, што дамагаліся перагляду праектнага пляну і пераносу будоўлі сьцёкавага калектара на сотню мэтраў далей, каб можна было захаваць лес. Аднак улады не прыслухаліся да думкі мясцовых жыхароў.

Лясьнічы паведамляе кіраўніцтву пра неспадзяваны інцыдэнт

Прыбыў намесьнік генэральнага дырэктара ЖКГ Менскай вобласьці Валеры Садкоў, які адказвае за выкананьне працаў. Ён заявіў, што праект будаўніцтва сьцёкавага калектара ў гэтым месцы прайшоў дзяржаўную экспэртызу і атрымаў усе належныя ўзгадненьні адпаведных дзяржаўных устаноў. Аднак ён пагадзіўся, што ня ўсе жыхары мелі магчымасьць узяць удзел у абмеркаваньні праекту. Таму ён паабяцаў праінфармаваць пра канфлікт вышэйшыя інстанцыі, каб правесьці дадатковае абмеркаваньне.

Намесьнік генэральнага дырэктара ЖКГ Менскай вобласьці Валеры Садкоў пераконвае пратэстоўцаў не перашкаджаць высякаць лес

Адначасна ён паведаміў, што ня мае паўнамоцтваў спыніць высечку лесу. Тым часам за папярэдні дзень ужо павысякалі некалькі сотняў дрэваў. Перамовы пратэстоўцаў з чыноўнікам, акрамя журналістаў, здымаў невядомы чалавек, які не пажадаў назвацца.

Працаўнікі чакаюць выніку спрэчкі жыхароў з чыноўнікамі

Пратэстоўцы ня вераць, што будучы калектар не паўплывае на экалягічнае становішча ў пасёлку

Мясцовыя жыхары зьвярнуліся з патрабаваньнем спыніць работы ў пракуратуру, дзяржкантроль і іншыя інстанцыі. Раней яны ў гэтай справе пісалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, але адказу не атрымалі.

Лес прыйшлі бараніць нават дзеці

Удзельнікі пратэсту ня стрымліваюць сьлёз крыўды