Прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы Раман Бясьсьмертны, які вёў перамовы аб умовах выбараў на акупаваных тэрыторыях Данбасу і аб магчымасьці або немагчымасьці ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю, вырашыў выйсьці зь Менскага працэсу.
«Я вырашыў для сябе і праінфармаваў усіх датычных — ад тых, хто ўдзельнічае ў тэхналягічным забесьпячэньні працэсу, і да прэзыдэнта, — што завяршаю гэты этап у сваім жыцьці. Я выходжу зь Менскага працэсу і ня буду далей удзельнічаць у валянтэрстве на гэтай дыпляматычнай ніве», — сказаў ён.
Раман Бясьсьмертны паведаміў, што ўкраінскі бок прапанаваў на менскіх перамовах парытэтны прынцып падыходу да вырашэньня пытаньняў па правядзеньні выбараў на акупаванай частцы Данбасу. Ён дадаў, што іншыя палітычныя пытаньні — імунітэту, амністыі, пэрспэктываў статусу рэгіёну — на перамовах не разглядаюцца.
«Менск сёньня застаецца адзінай пляцоўкай для цяжкіх перамоваў. Менск ратуе нас ад масавых ахвяр. Але пры гэтым Менск ня ў стане (у зададзеным фармаце) зрушыць сытуацыю зь мёртвай кропкі. Сёньня і Ўкраіна, і сьвет павінны шукаць новыя фарматы перамоваў», — напісаў дыплямат у фэйсбуку.
Раман Бясьсмертны мае намер вярнуцца да партыйнага будаўніцтва ва Ўкраіне.
«Хачу, каб ва Ўкраіне зьявілася сапраўдная партыя, сапраўдная арганізацыйная структура, а ня разавая партыя ў дзень выбараў».