Дзесяць яскравых момантаў «Чарнобыльскага шляху»

Міліцыя парушыла дамову, «Сьмерць» едзе ў Астравец, новы расклад сьветлафораў. Як праходзіў «Чарнобыльскі шлях»-2016.

У Менску 26 красавіка, ў 30-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прайшла традыцыйная жалобная акцыя. Удзельнікі сабраліся каля кінатэатру «Кастрычнік» і рушылі да Парку дружбы народаў. Марш прайшоў мірна, пра затрыманьні і складаньне міліцэйскіх пратаколаў не паведамлялася. Акцыя завяршылася хвілінай маўчаньня ля Чарнобыльскай капліцы. Паводле назіральнікаў, у шэсьці ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек.

Поўнае відэа акцыі дасяжнае на Youtube:



Міліцыя парушыла дамову пра кардон

На падыходзе да Чарнобыльскай капліцы ля плошчы Бангалор удзельнікаў шэсьця сустрэў міліцэйскі кардон з мэталашукальнікамі. Людзі не хацелі праходзіць працэдуру дагляду, якую некаторыя называлі прыніжальнай. Арганізатары шэсьця заявілі, што мелі дамову зь міліцыяй на тое, каб кардонаў не было. Сустаршыня БХД Віталь Рымашўскі заклікаў спыніць акцыю перад рамкамі мэталашукальнікаў, завершыць шэсьце хвілінай маўчаньня і не праводзіць мітынг. Міліцыянты адмаўляліся ад камэнтароў, адзін з міліцэйскіх кіраўнікоў заявіў Свабодзе, што дамова пра мэталашукальнікі не заключалася.


«Не — расейскай АЭС»


Удзельнікі Чарнобыльскага шляху выказваліся супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Падчас шэсьця гучала, што АЭС фактычна будуе Расея, выказваліся сумневы ў надзейнасьці расейскіх тэхналёгіяў. «Не — расейскай ядзернай пагрозе», «Астравец — другі Чарнобыль», «Не самабуду Астравецкай АЭС» і «поЛУраспАД» — асноўныя лёзунгі шэсьця.


«Сьмерць едзе ў Астравец»


Адным з удзельнікаў акцыі была «Сьмерць» — актывіст у стэрэатыпным касьцюме сьмерці з касой. «Сьмерць» трымала таблічку «Астравец» і нібы спрабавала злавіць машыну — паехаць аўтаспынам. Як распавёў Свабодзе актывіст, ён спадзяваўся, што людзі не павязуць Сьмерць ў Астравец. Іншая актывістка ўзяла на сябе ролю «ядзернай нявесты».

Салідарнасьць па «нечарнобыльскіх» тэмах


Падчас акцыі было відаць украінскія сьцягі, адзін з актывістаў зьбіраў ахвяраваньні на помнік Алесю Чаркашыну, які загінуў ва Ўкраіне, іншыя актывісты выказвалі салідарнасьць з беларусамі, якія цяпер знаходзяцца ў расейскіх турмах: Эдуардам Пальчысам («Джон Сільвэр», стваральнік 1863x.com) і Кірылам Сілівончыкам (асуджаным за палітычны рэпост у сацсетцы).

Новы расклад сьветлафораў


Шэсьце расьцягнулася — затрымкі былі на сьветлафорах, якія давалі на пераход нібыта меней часу, чым звычайна, каля 20 сэкундаў. У дадатак да сьветлафораў пераход рэгулявалі супрацоўнікі міліцыі.

Сьціплыя анархісты

Яскравымі ўдзельнікамі Чарнобыльскага шляху можна назваць анархістаў (яны ж — экаактывісты). Анархісты падчас шэсьця запалілі дымавую шашку і літаральна праз хвіліну сьціпла задзьмулі яе. Як казаў карэспандэнту Свабоды адзін зь актывістаў, Павал Сяргей, шашка не ўяўляла небясьпекі для ўдзельнікаў і выкарыстоўвалася для прыцягненьня ўвагі.


Караткевіч — супраць зьмены пэнсійнага ўзросту для жыхароў забруджаных раёнаў


У шэсьці ўзялі удзел многія апазыцыйныя палітыкі (і ніводнага з боку ўладаў), у тым ліку кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч. Яна сказала Свабодзе, што на наступным тыдні будзе сустракацца зь міністрам працы, каб казаць у тым ліку пра праблемы чарнобыльцаў і ліквідатараў. Сярод яе прапановаў — вяртаньне скасаваных ільготаў і праграмаў сацыяльнай абароны для чарнобыльцаў, мараторый на падвышэньне пэнсійнага ўзросту для людзей на забруджаных тэрыторыях, забарона на вырошчваньне сельскагаспадарчай прадукцыі на гэтай тэрыторыі.

Вайцюшкевіч — пра чарнобыльскі дождж і смак грыбоў


Удзельнік чарнобыльскага шэсьця, музыка Зьміцер Вайцюшкевіч згадаў, што сам у 1986 годзе трапіў пад дождж якраз у дні чарнобыльскай катастрофы. Ён разважаў пра абыякавасьць беларусаў да тэмы Чарнобыля, згадаўшы, што радыеактыўныя грыбы на смак такія самыя як звычайныя, а «а калі вочы ня бачаць, сэрца не баліць».



Алексіевіч — ганаровая і адсутная


Ганаровай старшынёй аргкамітэту Чарнобыльскага шляху была абраная пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі не прысутнічала на самім шэсьці. «Беларусаў абʼяднае Чарнобыль (на жаль), мова і культура, каб мы заявілі пра сябе як пра нацыю», сказала яна напярэдадні.



Штрафаў не было. Ці будуць?


Арганізатары акцыі распавялі, што міліцыя патрабавала за «ахову» акцыі 35 млн беларускіх рублёў. Арганізатары адмовіліся, міліцыя пагражае спагнаць запытаную суму. Паводле назіральнкікаў, штрафы могуць выставіць і за «парушэньне парадку правядзеньня акцыі» каля мэталашукальнікаў. Нагадаем, што пасьля Дня Волі штрафы завочна выпісвалі шараговым удзельнікам санкцыянаванай акцыі (і нават спрабавалі аштрафаваць філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, які ў дзень акцыі нават ня быў у Беларусі).

Галоўныя імгненьні Чарнобыльскага шляху-2016. ФОТАРЭПАРТАЖ

ГЛЯДЗЕЦЬ ФОТАГАЛЕРЭЮ Ў ПОЎНЫМ ПАМЕРЫ