На ўрачыстай цырымоніі ў менскай школе прысутнічалі намесьніца генэральнага сакратара ААН Гэлен Кларк, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.
Фотагалерэя цалкам у вялікім памеры тут
Уладзімер Макей заявіў, што Беларусь і ЗША наладжваюць дыялёг і ня выключанае аднаўленьне ранейшага дыпляматычнага ўзроўню супрацоўніцтва, у тым ліку вяртаньне амбасадараў у Менск і Вашынгтон. Скот Роланд распавёў пра жыцьцё Рут Уолер і сказаў, што ЗША будуць працягваць яе справу, шукаць партнэраў для менскай школы ў Каліфорніі (родны штат Рут Уолер).
Рут Уолер была супрацоўніцай місіі Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных Нацый (UNRRA), якая працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах. У жніўні 1946 году 24-гадовая амэрыканка ўратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла на запаленьне лёгкіх і мэнінгіт. Нягледзячы на намаганьні лекараў, выратаваць Рут Уолер не ўдалося. Яе пахавалі на Вайсковых могілках у Менску.
Дзейнасьць UNRRA была скіраваная на дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ў Другую ўсясьветную вайну. Значны ўнёсак у дзейнасьць арганізацыі зрабілі ЗША. У Беларусі ў складзе місіі UNRRA працавалі пятнаццаць чалавек, у фінансавым вымярэньні дапамога ЗША па гэтай лініі склала 60 мільёнаў даляраў.