Барак Абама прыбыў у Нямеччыну для сустрэчы з эўрапейскімі лідэрамі

Дэманстрацыія супраць гандлёвай дамовы паміж ЗША і ЭЗ.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў нядзелю прыбыў у Гановэр. Пасьля прызямленьня ляйнэра «Эйр форс-1» прэзыдэнт зьбег уніз па трапе на дывановую дарожку, каля якой быў сустрэты ганаровай вартай нямецкіх вайскоўцаў.

Разам з фэдэральным канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель Абама прыме ўдзел у адкрыцьці Гановерскай прамысловай выставы-кірмашу.

Як чакаецца, адбудзецца сустрэча амэрыканскага прэзыдэнта з канцлерам, галоўнай тэмай якой будзе абмеркаваньне пагадненьня аб свабодным гандлі паміж ЭЗ і ЗША.

Злучаныя Штаты ўпершыню ўдзельнічаюць у штогадовай выставе ў якасьці краіны-партнэра. 25 красавіка Абама і канцлер Нямеччыны правядуць канфэрэнцыю на вышэйшым узроўні, у якой таксама прымуць удзел лідэры Францыі, Італіі і Вялікабрытаніі.

Сустрэча Абамы з Мэркель, а таксама прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам, прэм’ер-міністрам Італіі Рэнца і прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам будзе сканцэнтравана на ўзгадненьні дэталяў новага пагадненьня аб свабодным гандлі ЗША — ЭЗ. Удзельнікі перамоваў у Вашынгтоне і Эўропе спрабуюць завяршыць ключавыя часткі новай Дамовы аб трансатлянтычным гандлі ды інвэстыцыйным партнэрстве да канца году.

Прыхільнікі дамовы лічаць, што яна будзе спрыяць росту гандлю за кошт зьніжэньня імпартных тарыфаў і гарманізацыі правілаў паміж двума бакамі. Але эўрапейскія прафсаюзы, нацыяналісты і зялёныя групы выступаюць супраць зьдзелкі, сьцьвярджаючы, што яна прывядзе да зьніжэньня заработнай платы і паслабленьня экалягічных стандартаў.