Тры тысячы рабочых з усяго сьвету будуюць у Чарнобылі новы саркафаг

Чацьвёрты энэргаблёк ЧАЭС, які ўзарваўся

Да канца году над чацьвёртым энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС, які выбухнуў 26 красавіка 1986 году, мяркуецца завяршыць новае ізаляцыйнае арачнае збудаваньне — так званы «канфайнмэнт». Яго называюць яшчэ «саркафагам-2», альбо «Укрыцьцем-2». Эўразьвяз выдзеліў Украіне на будоўлю новага саркафага 2,15 мільярда эўра, бо ранейшы саркафаг мае дзіркі і тхне радыяцыяй.

«Пасьля аварыі зь лесу паўзьлі й паўзьлі няспынным патокам яшчаркі, жукі, павукі, жабы»

Уладзімер Вярбіцкі

«Калі мы пасьля аварыі ехалі на станцыю, то праз шашу з „рудога“ лесу паўзьлі й паўзьлі няспынным патокам яшчаркі, розныя жукі, павукі, жабы. Такога нідзе й ніколі больш ня бачыў. Даводзілася нават спыняць машыну. Думалі, перачакаем. Але паток „перасяленцаў“ не спыняўся — і мы ехалі далей».

Гэтак распавядае ўраджэнец беларускага Барысава, інжынэр, каардынатар ратавальных службаў пры надзвычайных сытуацыях на ЧАЭС Уладзімер Вярбіцкі, калі мы едзем паўз выселеную й закапаную ў дол украінскую вёску Капачы. «Руды» лес таксама зарылі ў зямлю ў пункце часовай лякалізацыі радыеактыўных адкідаў, прасьцей — часовым магільніку. На месцы апаленага радыяцыяй колішняга лесу за трыццаць гадоў вырас новы, але і ён сохне ад радыяцыі.

Вярбіцкі суправаджае групу беларускіх журналістаў у Чарнобыль — туды, дзе 30 год таму здарылася аварыя, а цяпер будуецца новае ўкрыцьцё над рэактарам.

Трапіць на месца катастрофы давялося ўжо трэці раз. Упершыню — адразу ў год катастрофы, а пазьней — ужо ў 90-я мінулага стагодзьдзя.

Указальнік

Раней ад беларускай вёскі Гдзень, што на поўдні Гомельшчыны, дарога на Чарнобыль ішла наўпрост. Амаль над ёю ў 1986-м на Беларусь пайшло «чарнобыльскае» воблака. Нейкія два дзясяткі кілямэтраў — і ты ўжо ў Чарнобылі. Яшчэ пятнаццаць — і атамная станцыя.

Але так было даўно. Цяпер, каб дабрацца зь беларускай Гдзені ў Чарнобыль, трэба праехаць беларуска-ўкраінскі памежны пераход Камарын — Славуціч ды яшчэ тры з паловай сотні вёрст адматаць па ўкраінскай тэрыторыі, аб’яжджаючы з поўдня Кіеўскае вадасховішча.

У дарозе бачым, як за нейкія тры дзясяткі кілямэтраў ад атамнай станцыі ўкраінцы садзяць бульбу, поркаюцца на градах — у вёсках Хочава, Аранае, Страхалесьсе. Акурат як у беларускай Гдзені. Хоць на ўсходзе Беларусі — да прыкладу, у Краснапольскім ці Кармянскім раёнах, што за трыста кілямэтраў ад Чарнобыльскай АЭС — людзі наагул папакідалі свае хаты з-за радыяцыі.

КПП «Дзіцяткі»

Уладзімер Вярбіцкі гэта тлумачыць так:

«Былі два выбухі на чацьвёртым энэргаблёку ЧАЭС. І ўжо так распарадзілася прырода, што адзін радыяцыйны сьлед пацягнуся на поўнач, у бок Беларусі, а другі — на захад, праз украінскае Палесьсе і шэраг прылеглых да Жытоміршчыны беларускіх тэрыторыяў. Каб гэты радыяцыйны сьлед пралёг непасрэдна праз горад Прыпяць, дзе жылі пераважна сем’і атамшчыкаў, мы б мелі толькі тут пяцьдзясят тысяч інвалідаў».

Другі энэргаблёк адключылі празь пяць год пасьля аварыі, першы — празь дзесяць. А 15 сьнежня 2000 году назаўсёды быў спынены рэактар энэргаблёку № 3. Пяты і шосты энэргаблёкі так і не дабудавалі.

Цяпер спыненыя рэактары трэба зьняць з эксплюатацыі і цалкам закансэрваваць. На гэта спатрэбіцца сама меней шэсьцьдзесят гадоў.

Апошні КПП перад Чарнобыльскай АЭС

Новы «кажух» для рэактара

Дазымэтар у руках Уладзімера Вярбіцкага пачынае патрэскваць-папіскваць усё шпарчэй і шпарчэй, надаючы паскарэньне лічбам на дысплеі — 80, 100, 265, 401 мікрарэнтген на гадзіну. Калі выходзім з аўтобусіка, узровень гама-фону дасягае 700 мікрарэнтгэн, альбо 7 мікразівэртаў паглынутай дозы іянізуючага выпраменьваньня. Калі жыць у такой радыяцыі, то за год атрымаем 61 мілізівэрт — пры тым, што адносна бясьпечным узроўнем навукоўцы лічаць 1 мілізівэрт.

Некаторыя жанчыны зь ліку калегаў-журналістаў прызнаюцца, што сэрца ў іх пачынае калаціцца ці ня ў такт гэтаму прыбору, які вымярае радыяцыйны фон.

Новы саркафаг для рэактара

«Тут увесь грунт вакол станцыі зьняты і зьвезены ў магільнікі. І асфальт паўсюль новы, — тлумачыць інжынэр Вярбіцкі. — Фон дае разбураны чацьвёрты рэактар, накрыты саркафагам яшчэ ў 1986 годзе. За трыццаць гадоў эксплюатацыі ў ім паўтвараліся „дзіркі“. У лютым 2013 году над машыннай заляй гэтага чацьвёртага блёку абваліўся дах — плошчаю каля 600 квадратных мэтраў.Таму і ўзводзіцца новы».

Яшчэ ў верасьні 2007 году Чарнобыльская АЭС і францускі канцэрн Novarka падпісалі кантракт на будоўлю бясьпечнага «канфайнмэнта» над аб’ектам «Укрыцьце». Іншымі словамі, над старым «кажухом», які ўкрывае разбураны рэактар № 4, ствараецца яшчэ адзін — саркафаг-2.

На тэрыторыі атамнай станцыі ня ўсюды дазваляецца фатаграфаваць ды здымаць на відэакамэру. Гэта можна рабіць з глядзельнай пляцоўкі — за трыста мэтраў ад рэактара, з боку былога гораду Прыпяць, дзе стаіць помнік героям-ліквідатарам.

За сто восемдзесят мэтраў ад пашкоджанага рэактара ўзвышаецца велізарная, нібы са срэбра, напаўкруглая грамадзіна, якая нагадвае нешта марсіянскае — ці, празаічней, як бы сучасны гараж арачнага тыпу для сельгастэхнікі, але толькі вялізарны. Гэта й ёсьць саркафаг-2, які каштуе 2,15 мільярда эўра.

Шырыня саркафага — 257 мэтраў, вышыня — 108, даўжыня — 150 мэтраў. Важыць ён 29 тысяч тон. І пакрыты, як высьвятляецца, ня срэбным гладкім лістом, ня іншым якім каштоўным мэталам, а карбалітавай абшыўкай. Прасьцей кажучы — плястыкам.

Усіх журналістаў, вядома, дзівіць, што срэбны арачны «кажух» будуюць не над рэактарам, а побач. Аказваецца, яго з дапамогай спэцыяльных мэханізмаў волакам нацягнуць на стары саркафаг, які адслужыў трыццаць гадоў.

Працоўны дзень — 15 хвілін

Уладзімер Вярбіцкі

«На ўзьвядзеньні „Ўкрыцьця-2“ працуе каля трох тысяч спэцыялістаў — французы, немцы, амэрыканцы, туркі, палякі. Цэлы кансорцыюм будуе новае „Ўкрыцьце“. Па ўсіх прагнозах, сёлета павінен быць накрыты стары саркафаг. І ўжо пад ім будуць „латаць“ старое збудаваньне», — тлумачыць Уладзімер Вярбіцкі.

Ён удакладняе, што ўзровень радыяцыі непасрэдна каля рэактара досыць высокі. Ёсьць такія месцы, дзе працоўны дзень у чалавека доўжыцца ўсяго 15 хвілін. Вузел ці сэгмэнт зьбіраюць асобна, а пасьля ўжо замацоўваюць на патрэбным месцы.

«Працягласьць працоўнага дня ў кожным канкрэтным выпадку вызначае дазымэтрыст. Калі дзённую радыяцыйную норму чалавек набірае за 15 ці 20 хвілін, то столькі ён і працуе. Калі за тры ці чатыры гадзіны — значыць, і працягласьць дня ў яго такая», — кажа Ўладзімер.

Ён дадае, што цяпер Чарнобыльская АЭС нейкай небясьпекі для Беларусі не нясе, а пасьля здачы новага саркафага ў эксплюатацыю і пагатоў.

Адначасна на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС пры фінансавай падтрымцы Японіі будуецца й сховішча для адкідаў. У ім мае захоўвацца адпрацаванае паліва з чацьвёртага энэргаблёку ды трох іншых украінскіх атамных электрастанцыяў — Хмяльніцкай, Ровенскай і Паўднёва-Ўкраінскай.

Чарнобыльскі сабачка