Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) заклікала краіны, якія ў яе ўваходзяць, увесьці візавыя і фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да ўсіх, хто мае дачыненьне да сьледзтва і суду па справе ўкраінскай ваеннаслужачай Надзеі Саўчанкі, прысуджанай у Расеі да 22 гадоў пазбаўленьня волі.
У паведамленьні на сайце ПАРЭ гаворыцца, што гэтыя санкцыі павінны закрануць «асобаў, датычных да выкраданьня, незаконнага арышту, несправядлівага суду і абвінаваўчага прысуду ў дачыненьні да Надзеі Саўчанкі ў тым выпадку, калі яе неадкладна ня вызваляць».
Таксама ПАРЭ заклікала разгледзець магчымасьць увядзеньня аналягічных захадаў у дачыненьні да тых, хто займаўся расьсьледаваньнем і разглядам ў судзе спраў у дачыненьні да іншых украінскіх грамадзян, асуджаных у Расеі.
Акрамя гэтага ПАРЭ выказала занепакоенасьць паведамленьнямі аб нялюдзкім абыходжаньні зь людзьмі, якія трапілі ў палон у зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
«ПАРЭ заклікае ўсе сэпаратысцкія групоўкі, якія кантралююць акупаваныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей, вызваліць палонных і закладнікаў і спыніць усе парушэньні правоў чалавека», — гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскі суд прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай у забойстве двух расейскіх журналістаў, замаху на забойства мірных жыхароў Данбасу і незаконным пераходзе расейскай мяжы. У выніку яна атрымала 22 гады калёніі.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ня выключыў, што Саўчанку абмяняюць на расейцаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, якіх украінскія ўлады лічаць байцамі спэцназу ГРУ. Крэмль ня выключыў магчымасьці такога абмену, аднак канкрэтныя вынікі перамоваў не агалошваліся.