Яго ізноў чакалі каля дому супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, каб перадаць дакумэнты непасрэдна ў рукі. Ранкам 20 красавіка міліцыянты спрабавалі патрапіць у кватэру, але ім не адчынілі дзьверы.
Як паведаміў Свабодзе Вячаслаў Сіўчык, удзень яму тэлефанаваў міліцыянт са Старадароскага раёну і высьвятляў асобы і тэлефоны людзей, якія 14 красавіка ўшанавалі памяць закатаваных партызанамі жыхароў вёскі Дражна.
14 красавіка, у дзень 73-яй гадавіны трагедыі, Рух салідарнасьці «Разам», які ўзначальвае Вячаслаў Сіўчык, правёў памятную акцыю на месцы падзей.
Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што высілкі супрацоўнікаў міліцыі Старых дарог і Менску ёсьць сплянаванымі, паколькі яны дзейнічаюць арганізавана паводле каманды вышэйшага кіраўніцтва.
Суд над Вячаславам Сіўчыкам пачнецца а 15.00 у судзе Цэнтральнага раёну Менску.