Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці падчас круглага стала, прысьвечанага справе Джона Сільвэра, стварылі аргкамітэт «Свабоду Эдуарду Пальчысу».
Эдуард Пальчыс — стваральнік сайта 1863x.com, больш вядомы пад псэўданімам Джон Сільвэр. Ён быў затрыманы 23 студзеня ў Бранскай вобласьці Расеі пры перасячэньні расейска-ўкраінскай мяжы і з гэтага часу знаходзіцца ў бранскай турме.
У Беларусі супраць Джона Сільвэра распачатыя крымінальныя справы: паводле артыкула 130 ч. 1 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці) і артыкула 343 ч.2 (распаўсюд парнаграфіі).
У круглым стале ў Менску ўзялі ўдзел Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Валер Шчукін, Вольга Мікалайчык, Ільля Дабратвор і іншыя прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці.
Андрэй Дзьмітрыеў выказаў меркаваньне, што справа Джона Сільвэра выключная, яна дэманструе, наколькі ўважліва Расея адсочвае сытуацыю ў беларускай інфармацыйнай прасторы.
«Што можна ў гэтай сытуацыі зрабіць? Найперш, безумоўна, трэба дамагацца экстрадыцыі. Усё ж такі, калі ён будзе тут, гэта будзе прасьцей — у Бранску мы ніколі ня будзем ведаць, што адбываецца.
Па-другое, трэба спрабаваць праціснуць гэтую тэму праз АБСЭ і Раду Эўропы, бо Расея і там, і там зьяўляецца сябрам.
Па-трэцяе, важна ўнутры Беларусі зрабіць незалежную камісію з гісторыкаў, якія б далі ацэнку таму, што пісаў Сільвэр. Бо, зразумела, зараз шмат хто будзе казаць, што ён нібыта распальваў нянавісьць паміж народамі.
Але тое, што ён пісаў, можна падаць і зь іншага боку: мы ведаем, што гэты чалавек вельмі добра ведаў гісторыю, і ён спрабаваў паказаць іншую гісторыю, якая расейцам можа і не падабацца. І было б добра, калі б паважаныя гісторыкі далі ацэнку таму, што ён пісаў.
Тым больш, трэба разумець, што нават калі экстрадыцыя адбудзецца, тут яго будуць судзіць, і грамадзкі ціск у гэтым пытаньні патрэбны», — лічыць ён.
Дзьмітрыеў адзначыў таксама, што калі расейскі бок працуе зь беларускай інфармацыйнай прасторай, то на гэтыя дзеяньні трэба даць свой адказ —дамагчыся забароны ў Беларусі шавіністычных расейскіх сайтаў кшталту «Спутник и погром».
«Было б добра зьдзейсьніць сымэтрычныя дзеяньні — падаць заяву ў нашу Генпракуратуру, каб забараніць гэты сайт на тэрыторыі Беларусі», — падкрэсьліў палітык.
Удзельнікі круглага стала прызналі, што падтрымліваць Эдуарда Пальчыса абʼектыўна перашкаджае абмежаванасьць інфармацыі пра ягоную справу і нежаданьне сваякоў зрабіць гэтую справу публічнай. Таму, перш за ўсё, грамадзкасьць павінна высьветліць, у якім стане ягоная справа — ці прадʼяўлена яму абвінавачаньне расейскімі сьледчымі, ці плянуецца экстрадыцыя.
Лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан зьвярнуў увагу, што трэба дамагчыся салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам ад расейскай грамадзянскай супольнасьці.
«Калі ўсё ж ён трапіў у лапы расейскіх спэцслужбаў, то трэба ўсё ж якасная рэакцыя расейскай грамадзкасьці — музыкаў, пісьменьнікаў, інтэлігенцыі, СМІ. Магчыма, толькі пры гэтай рэакцыі адбудуцца нейкія зьмяненьні — магчыма, яго экстрадуюць ці будуць яшчэ нейкія саступкі», — лічыць ён.
Сябры аргкамітэту прынялі рашэньне падрыхтаваць да «Чарнобыльскага шляху» плякаты з выявамі Эдуарда Пальчыса і Кірыла Сілівончыка, а таксама распаўсюджваць налепкі ў падтрымку Джона Сільвэра.