Ці вырашыла пагадненьне ЭЗ-Турэччына міграцыйны крызіс

Які плён дала пагадненьне паміж Эўразьвязам і Турэччынай наконт уцекачоў? Якія ідэалягічныя і псыхалягічныя наступствы гэтага пагадненьня і вяртаньня ўцекачоў зь Эўропы ў Турэччыну?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.

Цыганкоў:
Нядаўна Эўрапарлямэнт абмяркоўваў гэтую тэму. Дэпутаты пацьвердзілі сваю прыхільнасьць пагадненьню з Турэччынай, якая абавязалася прымаць назад мігрантаў, якія трапілі ў Грэцыю. У свой час Турэччына абавязалася перакрыць паток мігрантаў у Эўразьвяз у абмен на грашовую дапамогу, бязьвізавы уезд у ЭЗ для сваіх грамадзянаў і перамовы аб уступленьні Турэччыны ў Эўразьвяз. Ужо пачаўся гэты працэс.

Першыя мігранты ў Грэцыі пасьля пагадненьня былі вернутыя назад, а ў абмен на кожнага не сырыйца, вернутага ў Турэччыну, Эўразьвяз абавязваецца прымаць сырыйскага ўцекача, які ўжо знаходзіцца ў Турэччыне. Прымаюцца менавіта сырыйцы, бо яны бягуць ад вайны, а ўсе тыя, хто рынуўся у Эўропу, ня маючы падобных падставаў, цяпер будуць вяртацца назад.

Безумоўна, пагадненьне зусім не дасканалае, калі магчыма ўявіць нешта дасканалае ў такой сытуацыі. Перш за ўсё ўзьнікаюць пытаньні ў праваабаронцаў, ці не парушаюцца правы ўцекачоў. Аднак я схільны ацэньваць яго пазытыўна, паколькі першыя вынікі ўжо ёсьць. Колькасьць мігрантаў кардынальна зьменшылася, ледзьве не ў 10 разоў. Галоўны тут той мэсыдж, якія пасылае Эўропа і які распаўсюджваецца па ўсім сьвеце — «мы будзем змагацца супраць нелегальнай міграцыі». А не той, што быў раней, агучаны Ангелай Мэркель — «Мы справімся».

Мэта гэтых дзеяньняў — ператварэньне нелегальнай міграцыі ў легальную. Нават канал Euronews зараз паказвае, як можна іміграваць легальна, у СМІ зьяўляюцца такія артыкулы. Гэты мэсыдж дзейнічае на людзей, якія задумваюцца пра міграцыю, яны разумеюць, што рызыкаў і пагрозаў больш, можна дарма патраціць грошы, якія яны даюць розных дзялкам, а ў Эўропу не патрапіць.

Карбалевіч: Думаю, яшчэ рана рабіць высновы наконт эфэктыўнасьці. Найперш, значная частка уцекачоў прыбывае ў ЭЗ не праз Турэччыну, а з Поўначы Афрыкі наўпрост праз Міжземнае мора.

Па-другое, пагадненьне паміж ЭЗ і Турэччынай складанае. Паводле яго, ЭЗ павінен вяртаць у Турэччыну незаконных уцекачоў, але ўзамен прымаць з Турэччыны ў Эўропу законных уцекачоў, жыцьцю якіх сапраўды існуе пагроза. Уся праблема ў тым, як аддзяліць адных ад другіх.

Дракахруст: Мы маем справу зь вельмі глябальным, шматлюдным працэсам, карані якога не зусім і зразумелыя. Гэтыя тлумачэньні, што вайна, ці Расея паўплывала, выглядаюць недарэчнымі.

Няма такой «чароўнай палачкі», пры дапамозе якой можна было б стрымаць гэты рух. Сэнс гэтых крокаў нават не ў іх практычнай значнасьці, а ў зьмене філязофіі і ідэалёгіі Эўразьвязу. Справа ня толькі ў заявах спадарыні Мэркель ці Папы Рымскага, якія нядаўна наведаў лягер уцекачоў у Грэцыі, а менавіта ў філязофіі.

Бязьвізавы рэжым фармальна не азначае, што туркі, якія паедуць у Эўропу бяз візаў, стануць мігрантамі

Дагэтуль ідуць рэпартажы па Euronews з лягераў уцекачоў з Грэцыі (дарэчы, бясьпечнай краіны, дзе вайны няма) і там мігранты кажуць: а мы хочам у Нямеччыну. А чаму Нямеччына павінна вам даваць такія магчымасьці? Дагэтуль лічылася, што гэтыя людзі маюць рацыю. Зараз сама ідэя, што можа і не маюць, што трэба прымаць меры, каб гэта стрымаць — гэта крок да вырашэньня праблемы. Ці вырашыцца яна цалкам? Падобна, што не. Супраць такіх велізарных падзеяў, рухаў крокі кшталту вяртаньня ўцекачоў у Турэччыну наўрад ці вырашальныя. Але станоўча, што праблему ўсё ж пачалі вырашаць.

Карбалевіч: Эўразьвяз узяў на сябе падпісаць пагадненьне аб бязьвізавым рэжыме з Турэччынай. І ў выніку замест сырыйскіх, аўганскіх мігрантаў у Эўропе зьявіцца больш турэцкіх мігрантаў. Не сказаў бы, што гэта абмен шыла на мыла, але ўсё ж пытаньне ёсьць. На мой погляд, бязьвізавы рэжым з Турэччынай — гэта для Эўропы большая праблема, чым пытаньне аб асацыяцыі з Украінай.

Цыганкоў: Бязьвізавы рэжым фармальна не азначае, што туркі, якія паедуць у Эўропу бяз візаў, стануць мігрантамі.

Дракахруст: Абяцаньне бязьвізавага рэжыму і бязьвізавы рэжым — гэта розныя рэчы. Што мы, дарэчы, бачым па Ўкраіне. Перамовы пра сяброўства Турэччыны ў Эўразьвязе цягнуцца 50 гадоў, і яна яшчэ туды не трапіла.