Як заявіла Паклонская агенцтву ТАСС, яна мае намер перадаць матэрыялы "для поўнага закрыцьця інфармацыйнай службы "Крым. Рэаліі" ў Генэральную пракуратуру Расеі і Раскамнагляд».
Паклонская перакананая, што публікацыі сайту «Крым. Рэаліі» накіраваныя «на дыскрэдытацыю дзейнасьці Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Крым», а таксама «ажыцьцяўленьне заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Раней сёньня Натальля Паклонская заявіла аб завядзеньні супрацоўнікамі ФСБ крымінальнай справы ў дачыненьні да журналіста «Крым. Рэаліі». Імя журналіста яна не назвала. Пазьней стала вядома, што маецца на ўвазе Мікола Сэмэна.
Ператрус у ягоным доме цягнуўся некалькі гадзінаў. Паводле мясцовых СМІ, сёньня ў дамах сямі крымскіх журналістаў адбыліся ператрусы.
Міністар інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Юры Стэць назваў ператрусы і затрыманьні журналістаў у анэксаваным Расеяй Крыме грэбаваньнем элемэнтарнымі правамі і свабодамі чалавека«.
Праект «Крым. Реаліі» — рэгіянальнае падразьдзяленьне ўкраінскай службы карпарацыі Радыё Свабода/Свабодная Эўропа.
Пракурор анэксаванага Расеяй Крыму Натальля Паклонская будзе дамагацца блякаваньня доступу да сайту «Крым. Реаліі».