У судзе чакаюць Вячаслава Сіўчыка

Вячаслаў Сіўчык

У судзе Цэнтральнага раёну Менску мае распачацца суд над актывістам Вячаславам Сіўчыкам, але па стане на 12 гадзін яго яшчэ не прывезьлі.

Падтрымаць яго прыйшлі палітыкі і грамадзкія актывісты Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандр Макаеў, Зьміцер Захарэвіч, жонка Ганна і маці Галіна Сіўчык.

Адвакат Сіўчыка паведаміў, што на яго падабароннага складзеныя два пратаколы: паводле артыкулаў 17.1 і 23.4 адміністрацыйнага кодэксу -- аб хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Лідэра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка 19 красавіка сярод ночы затрымалі ў пад’езьдзе ўласнага дому супрацоўнікі міліцыі, сарваўшы верхняе адзеньне, зьбіўшы і закаваўшы ў кайданкі.

Тацяна Караткевіч сказала, што прыйшла, каб даведацца што здарылася насамрэч і падтрымаць Вячаслава Сіўчыка. Бо вядомыя шмат выпадкаў перасьледу грамадзкіх актывістаў і палітыкаў:

«Працэс павінны быць адкрыты і празрысты. Калі ўлады кажуць пра лібэралізацыю, то павінна быць лібэралізацыя. Такіх здарэньняў не павінна адбывацца».

Аляксандр Макаеў — намесьнік Вячаслава Сіўчыка ў руху салідарнасьці «Разам» выказаў меркаваньне, што Вячаслаў Сіўчык быў затрыманы з прычыны сваёй здольнасьці арганізоўваць і аб’ядноўваць людзей:

«Зараз ідзе цяжкі працэс аб’яднаньня апазыцыі, наперадзе масавая грамадзкая актыўнасьць людзей. Гэткім чынам улады спрабуюць запалохаць лідэраў грамадзка-палітычнага руху, якім ёсьць Вячаслаў Сіўчык».

Жонка Вячаслава Ганна Сіўчык называе афіцыйнае тлумачэньне аб хуліганстве традыцыйным сфабрыкаваным абвінавачваньнем, якое ёсьць падставай, каб асудзіць і запалохаць.