Прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны правялі сёньня тэлефонную размову.
Паводле слоў прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, у часе гутаркі абмеркавалі ўрэгуляваньня на паўднёвым усходзе Ўкраіны і актуальныя моманты двухбаковых адносінаў. Закраналася пытаньне пра Надзею Саўчанку, а таксама пра лёс расейскіх грамадзян Аляксандрава і Ерафеева. Прэзыдэнты дамовіліся, што ў бліжэйшы час Саўчанку зможа наведаць генэральны консул Украіны ў Растове-на-Доне.
Сёньня раней суд у Кіеве прысудзіў расейскіх вайскоўцаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава да 14 гадоў турмы кожнага. Іх прызналі вінаватымі па ўсіх артыкулах абвінавачаньня, уключаючы тэрарызм і вядзеньне агрэсіўнай вайны.
Аляксандрава і Ерафеева лічаць галоўнымі прэтэндэнтамі для абмену на ўкраінскіх вязьняў у Расеі, у прыватнасьці на Надзею Саўчанку, асуджанаю на 22 гады.