Максімюк: На гэтым тыдні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў свой штогадовы даклад аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў мінулым годзе. Што тычыцца сусьветнай сытуацыі з правамі чалавека ў 2017 годзе, дык даклад ахарактарызаваў яе несуцяшальным сьцьвярджэньнем, што наступае «паскарэньне трэнду як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі суб’ектамі з мэтай закрыць прастору для грамадзянскай супольнасьці, задушыць СМІ і свабоду інтэрнэту, маргіналізаваць галасы апазыцыі і, у самых крайніх выпадках, забіваць людзей або выганяць іх з сваіх дамоў».
Што тычыцца ацэнкі Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, яна налічвае ня менш за 50 старонак і падрабязна апісвае фактычна ўсе аспэкты палітычнага, эканамічнага і грамадзкага жыцьця, у якіх сустракаюцца парушэньні правоў чалавека. Даклад пачынаецца ад сьцьвярджэньня, што Беларусь — гэта аўтарытарная дзяржава, у якой улада канцэнтруецца ў руках прэзыдэнта. Даклад таксама выразна сьцьвярджае, што пасьля 1994 году ўсе выбары ў Беларусі, уключна з апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі летась, не былі свабоднымі і справядлівымі і не адпавядалі міжнародным выбарчым стандартам.
Сярод іншых праблемаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі, як і ў папярэднія гады, Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае злоўжываньні з боку сілавых структураў, якія жорстка абыходзяцца з падазраванымі і асуджанымі падчас расьсьледаваньня і ў турмах; несамастойнасьць судовай сыстэмы; абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў, уключаючы свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцыяў і сумленьня; карупцыю ва ўсіх галінах улады.
Адчуваньне ў мяне такое, што тон гэтага дакладу ўсё ж крыху мякчэйшы, чым у папярэднія гады.
Але адчуваньне ў мяне такое, што тон гэтага дакладу ўсё ж крыху мякчэйшы, чым у папярэднія гады. У дакумэнце, напрыклад, адзначаецца ня толькі вызваленьне палітвязьняў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў летась, але і іншыя, драбнейшыя прыклады, так бы мовіць, памякчэньня рэпрэсіўнай дзяржаўнай сыстэмы. Ну, хоць бы тое, што не пачалі справу супраць тых графіцістаў, якія пісалі, што «Беларусь павінна быць беларускай».
Знамянальная для мяне і афіцыйная рэакцыя Менску на гэты даклад. Калі наш калега пазваніў у МЗС з просьбай пракамэнтаваць даклад, дык прэсавы прадстаўнік міністэрства, замест спадзяваных церпка-кіслых заўвагаў на адрас Вашынгтону, сказаў сёлета, што «Гэта ўнутраны дакумэнт амэрыканскай адміністрацыі. Яго замаўляе Кангрэс ЗША Дзярждэпартамэнту, Дзярждэпартамэнт яго рыхтуе і накіроўвае ў Кангрэс ЗША. І ўсё. У нас няма намеру камэнтаваць унутраныя дакумэнты амэрыканскай адміністрацыі».
Паказальна, што вельмі асьцярожная ў словах была і спадарыня Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая зацьвярджала вынікі ўсіх тых выбараў, якія, па словах Дзярждэпартамэнту ЗША, не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Спадарыня Ярмошына сказала: «Я ня думаю, што дадзенае ведамства надзелена правам даваць ацэнкі. Гэта, у прынцыпе, рэалізацыя іх уласных паўнамоцтваў. Яны маюць права іх даваць, але гэтыя ацэнкі не абавязковыя ні для каго. Гэта іх уласная пазыцыя. (...) Нічога новага ў гэтым няма. Мы, афіцыйныя ўлады, натуральна, ня згодныя. Я думаю, што і грамадзяне Рэспублікі Беларусь у сваёй большасьці будуць альбо поўнасьцю ня згодныя, альбо згодныя па нейкіх асобных пазыцыях. Таму гэта зусім не аксіёма, гэта думка асобнай урадавай установы, асобнай дзяржавы».
Вось так. А былі і такія гады, калі зь Менску гучалі даволі вострыя словы на адрас дакладаў Дзярждэпартамэнту. Мне таксама прыгадваецца, што некалі і сам Менск падрыхтаваў вельмі крытычны даклад наконт дэмакратычнасьці выбарчага працэсу ў ЗША. А сёлета — спакойна. Гэта ўнутраны дакумэнт дзяржаўнай адміністрацыі ЗША, таму і камэнтаваць няма чаго.
Для маладзейшых пакаленьняў беларусаў сёньня можа гучаць неверагодна, што ў 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў ЗША.
Для маладзейшых пакаленьняў беларусаў сёньня можа гучаць неверагодна, што ў 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў ЗША. Ну, гэта ня быў афіцыйны візыт, дзе ён мог бы і павінен быў бы сустрэцца зь Білам Клінтанам, але ўсё роўна гэта быў працоўны ці азнаямляльны візыт прэзыдэнта Беларусі ў ЗША. Ад таго часу, аднак, адносіны паміж дзьвюма краінамі пайшлі на спад. Нагадаю толькі асноўныя этапы таго пагаршэньня.
У ліпені 1998 году адбыўся гэтак званы канфлікт у Драздах, калі ўрад Беларусі загадаў дыпляматычнаму корпусу шэрагу краінаў, у тым ліку ЗША, вызваліць дыпляматычныя рэзыдэнцыі.
У кастрычніку 2004 году Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША аднагалосна пастанавіла ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і яе прэзыдэнта.
Санкцыі былі ўведзеныя ў 2007 годзе і тычыліся ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. У кастрычніку 2015 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя. Аднак не была адноўлена паўнавартасная дзейнасьць амбасадаў ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША.
Калегі, ці ёсьць, на вашу думку, нейкія сымптомы таго, што беларуска-амэрыканскія адносіны, і дыпляматычныя, і візавыя, і наагул палітычныя могуць наладзіцца?
Каліноўскі: Цяперашні стан адносін існуе з 2008 году, калі ў адказ на эканамічныя санкцыі ЗША супраць беларускіх дзяржаўных кампаніяў, у прыватнасьці Белнафтахіму, афіцыйны Менск запатрабаваў ад ЗША адклікаць амбасадара і большасьць дыпляматаў, скараціўшы амэрыканскую прысутнасьць у Менску і беларускую ў Вашынгтоне да мінімуму.
Цяпер, пасьля нейкай лібэралізацыі, санкцыі ЗША зь беларускіх кампаніяў зьнятыя. Але аднавіць дыпляматычны ўзровень так хутка нельга, як мінімум год патрэбен, каб узгадніць і накіраваць паўнавартаснага амбасадара, павялічыць штат амбасадаў. З гэтым зьвязаная і інэрцыя дзяржаўнай машыны, якая хутка ня можа перабудавацца, і недавер паміж ЗША і ўладамі Беларусі, які застаецца.
Відавочна, што да нармалізацыі адносін, як гэта было ў 1993–94 гадах, калі ў Вашынгтоне прымалі кіраўніка беларускай дзяржавы Шушкевіча, а ў Менску прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, ня дойдзе, пакуль пры ўладзе застаецца Аляксандар Лукашэнка, аўтарытарны кіраўнік, апошні дыктатар Эўропы, як яго назвала былая дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс. Цяпер Лукашэнка ўжо не апошні дыктатар Эўропы, а перадапошні, ён саступіў гэтае сумнае першынства расейскаму кіраўніку Ўладзімеру Пуціну. Вось гэтая розьніца, а таксама тое, што вызвалілі палітвязьняў, і дазваляе разважаць пра магчымасьці паляпшэньня адносін. Вось і Лукашэнка прыняў нядаўна чыноўніка Мінабароны ЗША Майкла Карпэнтэра, што выклікала насьцярогу ў Маскве.
Поўная нармалізацыя будзе ня хутка, але наладжваць дачыненьні з ЗША афіцыйнаму Менску трэба.
Мая выснова — поўная нармалізацыя будзе ня хутка, але наладжваць дачыненьні з ЗША афіцыйнаму Менску трэба. Каб далей балянсаваць перад пагрозай неадэкватнай палітыкі сучаснага расейскага кіраўніцтва.
Глод: Па-першае, я хачу пагадзіцца зь Янам Максімюком, што гэтая справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША больш лагодная параўнальна з папярэднімі. І гэта невыпадкова. Мне падаецца, што цяпер і афіцыйны Вашынгтон, і афіцыйны Менск настроеныя паляпшаць стасункі.
Але тут вельмі важна, якім шляхам можа адбыцца гэтае паляпшэньне. Як мне бачыцца, амэрыканскі бок ня пойдзе на сур’ёзныя саступкі ў галіне правоў чалавека. А вось беларускія ўлады хацелі б паляпшэньня, якраз не зьмяняючы сытуацыю ў галіне правоў чалавека, свабодаў і дэмакратыі. Альбо, калі абагульніць, — пакідаючы той татальны кантроль над краінай, над грамадзтвам, які мае Аляксандар Лукашэнка.
Вызначэньне, хто ў чым і наколькі гатовы будзе саступіць, вызначыць тэмп амэрыкана-беларускага магчымага збліжэньня.
І вось гэтае балянсаваньне, гэтае вызначэньне, хто ў чым і наколькі гатовы будзе саступіць, на мой погляд, і вызначыць тэмп амэрыкана-беларускага магчымага збліжэньня.
Сёе-тое мы ўжо бачым. Беларускія ўлады ўжо болей не арыштоўваюць апазыцыянэраў, а толькі штрафуюць іх. Праўда, штрафы вялікія, можна казаць, нават непад’ёмныя.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі ўчора казаў, што гэтая справаздача ўнутраная, выключна амэрыканская. З аднаго боку, гэта так. Але з другога — ня будзем забывацца, што праблематыка правоў чалавека ў Беларусі ўжо даўно інстытуцыялізаваная ў ЗША. Кангрэс, нагадаю, прымаў законы — «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», — якія абавязваюць выканаўчую ўладу дамагацца прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. І гэта вымушае амэрыканскі бок прытрымлівацца сваіх асноўных патрабаваньняў.
Таму я не бяруся казаць, колькі часу спатрэбіцца на паляпшэньне амэрыканска-беларускіх дачыненьняў. Думаю, многае ў гэтым кірунку пакажа сытуацыя зь вяртаньнем да ранейшай колькасьці дыпляматаў у дзьвюх амбасадах: амэрыканскай у Менску і беларускай у Вашынгтоне.