Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» паедзе зь Менску ў рэгіёны

Раіса Баравікова падчас заняткаў «Чытаем па-беларуску» ў Менску

У межах праекту Ўладзімер Ліпскі, Раіса Баравікова, Юры Жыгамонт, Тацяна Сівец і Алена Масла сталі настаўнікамі беларускай мовы.

Сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску», які ладзіў мабільны апэратар velcom супольна зь Менгарвыканкамам, пераедзе зь Менску ў рэгіёны. Мінадукацыі ўхваліла ініцыятыву.

У красавіку-траўні, паведамляе апэратар, урокі беларускай мовы для малодшых клясаў з тэлевядоўцамі, акторамі і пісьменьнікамі ў якасьці настаўнікаў пройдуць у Гомелі, Брагіне, Рэчыцы, Сьветлагорску, Мазыры і Жлобіне, а з новага навучальнага года — у Берасьці і Берасьцейскай вобласьці. Агулам праект мае ахапіць 150 школ і больш за 15 тысяч вучняў па ўсёй Беларусі. Толькі ў Менску праект ужо ахапіў больш за 4 тысячы школьнікаў.

Заняткі праекту — не звычайныя ўрокі. На іх вядомыя беларусы ў нефармальнай атмасфэры знаёмяць дзяцей з творамі беларускіх пісьменьнікаў і вядуць жывую гутарку. Так, на першым адкрытым уроку праекту тэлевядоўца Юры Жыгамонт распавёў казку пра тое, як зьявілася беларуская мова, а паэтка Раіса Баравікова прапаноўвала дзецям адгадаць, якім словам скончацца ейныя вершы.

Юры Жыгамонт падчас заняткаў «Чытаем па-беларуску» ў Менску