Міхалок вяртаецца да «Ляпісаў» 90-х

У склад праекту «Ляпіс-98» увойдуць музыкі Brutto, амаль усе яны гралі ў «Ляпіс Трубяцкі».

Гурт Brutto абвясьціў на Facebook аб запуску праекту «Ляпіс-98» — «рэгі, ска і цыганшчына ў выкананьні родапачынальнікаў жанру радыкальнага шансону», як апісвае ідэю гурт. Выконвацца будуць песьні гурту «Ляпіс Трубяцкі» 90-х і першай паловы «нулявых», у тым ліку «Евпатория», «Котик», «Золотая антилопа» і «Ты кинула».

Прадусар Brutto Антон Азізбекян на просьбу Tuzin.fm агучыў склад праекту. Гэта Сяргей Міхалок (вакал), Павал Трацяк (гітара), Дзяніс Стурчанка (бас-гітара), Дзяніс Шураў (бубны), Іван Галушка (трамбон), Уладзіслаў Сенькевіч (труба). Усе яны гралі ў «Ляпісах» (Трацяк — эпізадычна) і цяпер граюць у праекце Міхалка Brutto. Дарэчы, ад самога Brutto Міхалок не адмаўляецца.

Пасьля падзелу гурту «Ляпіс Трубяцкі» на Brutto I Trubetskoy першыя практычна адмовіліся ад старых песень, другія іх выконвалі разам з новым матэрыялам. Пазьней Міхалок забараніў сьпяваць былым паплечнікам з Trubetskoy свае старыя песьні, сам жа запісаў з Brutto шэраг песень «Ляпісаў» (у тым ліку «Железный», «Капитал» па-ангельску, «Воины света»).

«Якая нечаканая і актуальная ідэя! Упэўнены, што і ўвасабленьне будзе на такім жа прыстойным узроўні», — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm Яўген Калмыкоў, былы дырэктар і прадусар «Ляпіса Трубяцкога». Пачуць нажывую «Ляпіс-98» можна будзе 21 красавіка ў Харкаве, а Trubetskoy — 16 красавіка ў менскім клюбе Koyote.