За трыццацігадовую гісторыю пасьля Чарнобылю вёска Савічы Брагінскага раёну перажыла розныя пэрыяды. Адсюль адсялілі 373 сям’і, потым больш як паўтары сотні самасёлаў вярнуліся. Улады давалі надзею, што вёска адродзіцца.
Цяпер у Савічах засталіся апошнія трынаццаць жыхароў. Апусьцелыя падворкі пры ўезьдзе закапалі нядаўна ў дол. А тыя, што засталіся на доўгіх вуліцах Леніна ды Перамогі, выглядаюць прывідамі — зарасьлі быльнягом, дзікім хмелем, кустоўем і нават ладнымі дрэвамі. І толькі сем хацін яшчэ сьвецяцца вокнамі сярод гэтай нематы й запусьценьня. Пра долю самасёлаў апавядаюць самі вяскоўцы.
Кацярына Чэчка: «Мне нядоўга засталося, бо анкалёгія».
Кацярына Чэчка нарадзілася і вырасла ў Савічах. Тут і замуж выйшла, і пяцёра дзяцей нарадзіла. Але жыцьцё зь першым мужам не задалося. Калі дзеці крыху падрасьлі, пара афіцыйна разьвялася. Кацярына выйшла замуж другі раз — у вёску Залесьсе, што цяпер у 30-кілямэтровай зоне вакол ЧАЭС. Тут і напаткала новую сям’ю жанчыны чарнобыльская эвакуацыя.
«Высялялі нас у велікодную ноч 1986 году, — расказвае Кацярына. — Ужо такіх жахаў нацярпеліся, што ня дай табе божа. Усё пакідалі — і велікодныя стравы, і маёмасьць. Можна сказаць, у адной адзежыне, што на нас была, і паехалі.
Перавезьлі нас напачатку ў Вуглы — вёску, што на поўначы Брагінскага раёну. Там жылі да восені. Я даглядала жывёлу, муж мой зваршчыкам рабіў. Зіма находзіла, дык мы ўсе, перасяленцы, кінуліся да мясцовых кіраўнікоў: „Дзе ж нам зімаваць?“ Ну, і парастырквалі нас каго куды. Мы з мужам і дзецьмі апынуліся ў вёсцы Шкава Акцябрскага раёну. Тры зімы там перабылі, а пасьля вярнуліся ў Савічы. Тут ужо было за сотню самасёлаў.
Калі яшчэ жылі ў той Шкаве, то езьдзілі адтуль на грузавіку ў зону, у наша Залесьсе, збожжа забіраць, якое засталося на складзе. У Шкаве не было чым сеяць, дык прыяжджалі. І не адзін раз. Вось еду я паўз Савічы — і сэрца разрываецца: свае, родныя мясьціны. Тут вакол хоць і радыяцыя, але, здавалася, дыхаецца лягчэй».
Вяртаньне ў радыяцыю
На чацьвёрты год Кацярына з Іванам прадалі ў Шкаве свой дом, выдзелены ім як перасяленцам, і перабраліся ў Савічы. Нагледзелі на галоўнай вуліцы Леніна кінутую хату, пасяліліся, завялі гаспадарку — ад парасят да каровы.
А яшчэ зь вясны ў вясну абраблялі соткі. Нават кавуны сеялі. Каб на доўгую зіму ўсё было сваё — і гуркі ў слоіках, і памідоры, і бульба з буракамі.
«Прыяжджалі навукоўцы з Гомеля, з інстытуту радыялёгіі, — тлумачыць сваю стараннасьць на зямлі 75-гадовая Кацярына Маркаўна, — замяралі ў мяне на гародзе ўсё чыста, зямлю на аналіз бралі. Казалі, што ўсё добра. Паперчыну нават пакінулі. А добра яно ці кепска, я ж не разьбіраюся. Пагалоску такую пусьцілі, што дырэктар саўгаса зямлю браў бліжэй да Чарнобылю — у Пірках, у Залесьсі — і адпраўляў на аналіз: гэта каб Савічы адсяліць і самому на гэтай бядзе кішэні набіць. Баяўся выкрыцьця, дык калі зьехаў зь вёскі, то засіліўся. Як дырэктара ня стала, то кіроўца яго ўсё й расказаў. А ў нас жа тут саўгас добры быў, насеньняводчы. І людзей за паўтары тысячы было».
Жанчына ідзе ў хату, убраную вышыванкамі, занавескамі, фатаздымкамі сваякоў, дзяцей, унукаў, і выносіць тую інстытуцкую паперчыну з вынікамі дасьледаваньняў гародніны на радыяцыю. Даты й подпісу адказнага за дасьледаваньне супрацоўніка няма. Толькі назва гародніны і ўзровень у ёй радыенуклідаў. Зялёнае шчаўе: цэзій-137 — 11 бэкерэляў на кіляграм, стронцый-90 — 50,7 бэкерэля, калій-40 — 155,1 бэкерэля, буракі адпаведна: 0,61, 23, 113,7, морква: 1,07, 17,9 і 14,3 бэкерэля. У даведцы да замераў сказана, што «нормамі РДУ-99 спажываньне гародніны дазваляецца пры ўтрыманьні радыенуклідаў цэзію да 100 бэкерэляў на кіляграм, а стронцый-90 і калій-40 не нармаваныя». Маўляў, ежце на здароўе, нягледзячы на тое, што радыяцыі ў такой гародніне хоць адбаўляй, і асабліва стронцыю, які, асядаючы ў касьцях, надзвычай цяжка выводзіцца з арганізму.
«Муж мой неўзабаве пасьля пераезду памёр, — згадвае Кацярына Маркаўна. — Што зь ім здарылася, цяжка зразумець. Многія самасёлы ўжо адчэзьлі, перасяліліся ў свае вечныя дамы — туды, у канец вуліцы Леніна. Там у нас могілкі. Толік ня так даўно памёр, Пеця памёр. Толік — той старэйшы, а Пеця ж малады яшчэ — як мае хлопцы. Паганая гэта хвароба ў лёгкіх была. Цяпер толькі сем хацінаў засталося, трынаццаць чалавек. Пры канцы кожнай вуліцы па адной — як на хутарах у гэтым запусьценьні. Здаровых людзей у нас ужо, лічы, няма. Яшчэ крыху Валянціна тупае — пры лесе жыве, мой сын Грыша ды трымаецца маладзейшая сям’я Сашы й Ірыны ў паўднёвым канцы вуліцы. Усе астатнія адно што ногі перасоўваюць, каб хоць за парог выпаўзьці. От, такая тут наша доля».
Жанчына расказвае, і плечы ў яе пачынаюць трэсьціся. Яна выцірае сьлёзы:
«Сама я моцна захварэла, вельмі моцна. Тры месяцы з двума невялікі перапынкамі ў Гомелі ў анкалёгіі ляжала. Цэлы букет усяго пазнаходзілі. Цяпер во качаюся на ложку ад болю, плачу. Лічы, тыдзень не ўставала. Мне нядоўга засталося. Усю гаспадарку зьвяла ўжо, нічога не трымаю, бо не магу. Толькі агарод пасею — і больш нічога. Сын Грыша дапамагае. І Віталік з Хракавіч прыяжджае.У мяне там і шчавей падняўся, і цыбуля зелянее. Бульбачкі пасадзім».
Камбайн самасёлам ад Лукашэнкі
Увесну 1996 году цяпер ужо мінулага стагодзьдзя ў Савічы да чарнобыльскіх самасёлаў прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Мясцовую краму вычысьцілі, навезьлі харчоў, прамысловых ды гаспадарчых тавараў. Сабралі да крамы ледзь ня ўсіх самасёлаў. З суседніх вёсак Двор Савічы і Грушное таксама падвезьлі вяскоўцаў. Поўная вуліца сабралася.
Тут кіраўнік дзяржавы і агучыў новы падыход да пражываньня грамадзянаў на заражаных радыяцыяй тэрыторыях: «Хочаце жыць — жывіце!» І распарадзіўся даць у падмогу самасёлам камбайн і трактар — пад воплескі і ўхвалу прысутнай грамады. Тагачасная міністарка аховы здароўя Інэса Драбышэўская, якая таксама была ў той паездцы, аж жахнулася ад такой рэакцыі: «Жанчыны, пра сябе, пра дзяцей падумайце!» Але голас міністра, лекаркі-анколяга па прафэсіі, патануў у нейкім зухаватым гуле. Наўкол яшчэ панавалі заявы саміх самасёлаў: «Радыяцыя нас не бярэ», «Мы тут адаптаваліся». Але прамінулі якія два дзесяцігодзьдзі, і таго энтузіязму ані знаку.
«А камбайн той з трактарам, што Лукашэнка даў, — дадае Чэчка, — калгас адразу ў Хракавічы забраў — за 25 кілямэтраў. Цяпер цэнтар гаспадаркі яшчэ далей — ажно ў Чамярысах. КСУП — ці як ён там называецца? Ён ужо нам і не патрэбны — ні камбайн, ні саўгас. Мінэральнага ўгнаеньня во кіну на поле, Іван з Грушнога конікам узарэ, бульбачку пасадзім. Пэнсію атрымаем, аўталаўка прыедзе. Купім сабе што па патрэбе — і перабіваемся так з дня на дзень у гэтай пустэльні».
Ваўкі і дзікі — побач
Чэчка згадвае, што, вярнуўшыся ў Савічы, яна перажыла і аблогу дзікоў, і нават напад шалёнай ваўчыцы.
«Апошнія гады два, — тлумачыць вяскоўка, — цішэй стала. Кажуць, з-за гэтай сьвіной чумы пастралялі трохі дзікоў. А то ж яны з радыяцыйнага запаведніка тут статкамі хадзілі. Як гаспадары якія. Неяк прачнулася ранкам, а дзікоў штук восем ходзіць. Клічу сына: „Грыша, ідзі глядзі, можа рэзаць будзем — сьвежаніна сама ў двор прэцца“. А яны ж праз наш плот пралезьлі, парыліся каля хаты — і пайшлі ванну прымаць. У канцы гарода пад высокім дрэвам як бы копанка такая. Яны залазілі туды й ляжалі ў халадку, асабліва летам. А колькі яны калгасных палёў здратавалі, кукурузы і ўсякага іншага! Мы свой гарод чым толькі не ўмацоўвалі ад нашэсьцяў дзікоў — дошкамі, шыфэрам, дротам, сеткаю».
Аднае зімы ў Савічы ды іншыя вёскі Брагінскага раёну, што прылягаюць да Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку, панадзіліся ваўкі. Ускладнялася сытуацыя тым, што многія шэрыя драпежнікі хварэлі на шаленства і нападалі на людзей сярод белага дня. Не абышла гэтая бяда й Кацярыну Чэчку:
«У тую зіму мы хадзілі ў краму па хлеб у суседнюю вёску Двор Савічы. Аўталаўкі да нас у той час ня езьдзіла — зіма, замець. Да крамы той у Двары недалёка, кілямэтра паўтара. Старую шашу Брагін — Камарын пяройдзеш, і ўжо, лічы, у Двары. Іду я, іду — нідзе нікога не відаць. Аднекуль зьнянацку вылецеў ці то воўк, ці то ваўчыца, і як грызяне мяне ніжэй сьпіны. Я спужалася, як анямела. Воўк ускочыў на плечы, на галаву, пачаў рваць. Хустка на мне была такая пуховая, а пад ёй яшчэ адна. Гэта трохі й ратавала. Я ўпала ад наскоку, пачала крычаць. Крычала немым голасам. Ня ведаю, як дабралася дадому, як мне выклікалі праз тэлефон хуткую дапамогу. Апамяталася толькі на другі дзень у шпіталі».
Воўк парваў жанчыне адзеньне, параніў плячо, іншыя часткі цела. У той жа дзень, як даведалася Кацярына, драпежнік напаў недалёка ад крамы ў вёсцы Савічы Двор на старую, моцна параніў ёй твар — спатрэбіліся складаная хірургічная апэрацыя і працяглае лячэньне ад шаленства. Пакусаў воўк і маладога мужчыну.
«Я праз той напад так напалохалася, — кажа суразмоўніца, — што, можа, мяне ад таго ваўка цяпер і трасе. Ад чаго людзі чэзнуць? Думаю, ад нэрваў, стрэсаў усіх гэтых уперамешку з радыяцыяй».
Сынава доля
Пасьля выбуху ў Чарнобылі дадому вярнуўся сын Кацярыны Рыгор. Ён рабіў у горадзе атамшчыкаў сантэхнікам па вадаводах. Атрымаў пасьведчаньне ліквідатара і задышку на дадатак. Мае амаль дваццаць два гады працоўнага стажу. Каб выйсьці яму на пэнсію на дзесяць гадоў раней за звычайны ўзрост, бракуе трох гадоў таго стажу. Так патрабуе сёньняшняе заканадаўства. А працаваць у Савічах няма дзе. Гэта й трывожыць цяпер Кацярыну Чэчку нават больш за ўласную хваробу.
«Я хутка памру, а ён застанецца тут без капейчыны, — непакоіцца жанчына. — Тыя ўсе мае дзеці прыладжаны, а Грыша — не. Ні сям’і, ні працы. Прасіўся ў радыяцыйны запаведнік, і я прасіла, не ўзялі. Выпіваў, канечне. А хто тут у гэтай радыяцыі ня п’е? Дый ня п’яніца Грыша. Мяне даглядае, бабу Ходзю даглядае, хаця ў тае і ёсьць сацыяльная работніца з Грушнога — прыяжджае тры разы на тыдзень. А Грыша кожны дзень ходзіць да бабулі — у печцы выпаліць, пакуль холадна, вады прынесьці, юшку адчыніць ці зачыніць. У запаведніку ім бы ганарыліся, каб узялі — такі ён руплівы і абавязковы. А цяпер, казалі ў тэлевізары, на тры гады пэнсійны той узрост падвысілі. Дык Грышу майму, чарнобыльцу-ліквідатару, яшчэ восем гадоў чакаць пэнсіі. Мяне ня будзе, а жыць яму тут за што?»
Пяцідзесяціпяцігадовы Рыгор Чэчка мае ў Савічах «сваю хату» на зьдзічэлай вясковай вуліцы. З прыходам вясны перасеў на ровар — і курсуе па два-тры разы на дзень ад «сваёй хаты» да маці, ад маці да бабы Ходзі — і назад. Цяпер агарод узяўся абрабляць.
«А хто ж гэтым нямоглікам дапаможа? — кажа Рыгор. — Тут у нас ужо такія самасёлы, што ледзьве соўгаюцца. Бывае, капейчыну перакіне хто за дапамогу.
Добра, што краму зноў адчынілі ў Двары Савічах і пачалі мэталалом прымаць. Жалязяку якую здасі — пару тысяч ёсьць. Летам зноў у лісічкі пайду. Правяраюць нарыхтоўшчыкі іх на радыяцыю, але бяруць. Бывае, і бракуюць. Але ж лісічкі лісічкамі — мне б працу якую на тры гады. Езьдзіць за трыццаць вёрст хоць бы ў тыя ж Чамярысы ня выпадае — дабірацца туды кожны дзень няма чым».
Рыгор тужліва неяк паглядзеў на гарод, на маці. Махнуў рукой, сеў на свой старэнькі ровар і спакваля пакруціў пэдалямі міма разбуранай лазьні, выбіраючыся на колісь галоўную вуліцу Леніна, якая цяпер зарасла хмызьняком і высахлым за зіму дзікім хмелем.