Керы назваў дзеяньні Расеі ў Балтыцы «небясьпечнай правакацыяй»

Джон Керы

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы асуджае небясьпечнае збліжэньне расейскіх ваенных самалётаў у Балтыцы з амэрыканскім эсьмінцам «Дональд Кук». Ён называе гэты інцыдэнт «небясьпечнай і бяздумнай правакацыяй».

14 красавіка Джон Керы заявіў, што ваенны карабель ЗША, які знаходзіўся ў міжнародных водах, мог бы зьбіць расейскі зьнішчальнік Су-24 у адпаведнасьці з правіламі вядзеньня баявых дзеяньняў.

Па словах Керы, зносіны з афіцыйнымі асобамі ў Маскве даюць надзею, што такое небясьпечнае збліжэньне ня будзе паўтарацца.

Раней у чацьвер у Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што расейскія самалёты абляцелі амэрыканскі эсьмінец «Дональд Кук» у Балтыйскім моры з захаваньнем усіх мераў бясьпекі.

Напярэдадні ваеннае кіраўніцтва ЗША заявіла, што эсьмінец Ваенна-марскіх сіл ЗША, які знаходзіцца ў водах Балтыйскага мора, на гэтым тыдні стаў аб’ектам «надзвычай блізкіх» аблётаў расейскіх самалётаў.

Зьніжэньне рызыкі небясьпечных ваенных сутыкненьняў стаіць на парадку дня сустрэчы Расея — НАТО, якая заплянаваная на 20 красавіка ў Брусэлі і будзе першай такой сустрэчай з чэрвеня 2014 году, калі ў НАТО прыпынілі практычна ўсё супрацоўніцтва з Масквой праз анэксію Крыму і і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.