«Сьпеўны сход», прысьвечаны беларускім песьням стогадовай даўніны, пройдзе ў прасторы «Верх» пры падтрымцы хору «Унія».
А 19-й гадзіне ў пятніцу, 15 красавіка, у менскай прасторы «Верх» (вул. Куйбышава, 22) распачнецца чарговы «Сьпеўны сход», да ўдзелу ў якім запрашаюцца ўсе ахвотныя. Гэтым разам сход будзе прысьвечаны беларускім песьням першай паловы XX стагодзьдзя.
Пляцоўка дазваляе сабраць адначасова да тысячы чалавек, але кіраўнік праекту Аляксей Чубат ня можа сказаць упэўнена, што 15 красавіка адбудзецца самы вялікі «Сьпеўны сход» за ўвесь час:
«Каб сход быў самы вялікі, трэба, каб такія мерапрыемствы адбываліся рэгулярна, штомесяц, каб людзі ўсё больш ведалі. Але мы праводзім мерапрыемствы нерэгулярна. Гэта проста такое жаданьне, каб быў самы вялікі сход, каб прыйшло шмат-шмат людзей. Калі будзе чалавек 250–300, гэта ўжо будзе значны посьпех».
На гэтым сходзе прагучаць патрыятычныя гімны «Пагоня», «Беларуская Марсэльеза», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», гімн-малітва «Магутны Божа». Але будзе і лірычная «Купалінка».
«Адна з асноўных задач — каб наша культурная спадчына захоўвалася ў людзях, у іх сэрцах, — тлумачыць арганізатар сходу. — Каб нейкія песьні вывучвалі. Шмат у мінулыя гады займаліся беларускімі традыцыйнымі песьнямі: каляднымі, напрыклад, застольнымі, веснавымі... Тыя песьні, што цяпер хочам прасьпяваць, гэта песьні, неадрыўныя ад гісторыі станаўленьня дзяржаўнасьці, якія праз стагодзьдзе прайшлі і засталіся зь людзьмі».
Сьпевы адбудуцца пры падтрымцы камэрнага складу прафэсійнага мужчынскага хору «Унія». Ці значыць гэта, што тым, хто сьпяваць ня ўмее, лепей маўчаць, каб не псаваць гучаньне?
«Мы ў першую чаргу робім акцэнт на тое, каб прыходзілі людзі, якія ня ўмеюць сьпяваць, — кажа Чубат. — Падкрэсьліваем: прыходзьце тыя, хто ня ўмее сьпяваць, хто лічыць, што ня мае голасу і слыху. Наш мастацкі кіраўнік Сяргей Доўгушаў мае такую практыку, тэхналёгію, як можна людзей хутка разьняволіць, наладзіць на гук. Нядаўна быў сход па творах Агінскага, ёсьць відэа, на якім добра бачна, як людзі сьпяваюць і як гэта атрымліваецца на даволі добрым узроўні».
Сходы адбываюцца нерэгулярна, але Аляксей Чубат называе пэўныя пляны на наступныя «Сьпеўныя сходы»:
«Калі ніякіх форс-мажорных абставінаў ня будзе, у наступным месяцы хочам зрабіць „Сьпеўны сход“ па беларускіх вайсковых песьнях, як „Ой, бярозы ды сосны...“, партызанскіх, можа, песьнях. Яшчэ адзін сход у чэрвені хочам зрабіць па песьнях другой паловы XX стагодзьдзя, там вялікі пласт песень. Таксама маем намер увосень вярнуцца назад у гісторыі, да песьняў філяматаў і філярэтаў, палескіх песень».