Зьявілася відэа небясьпечнага пралёту расейскіх Су-24 каля эсьмінца «Дональд Кук»

Эсьмінец ВМС ЗША "Дональд Кук" пры пераходзе праз Басфор

Амэрыканцы лічаць, што дзеяньні расейскіх лётчыкаў на Балтыцы небясьпечныя і могуць прывесьці да няшчаснага выпадку.

Узброеныя сілы ЗША ў сераду распаўсюдзілі фатаздымкі і відэа небясьпечнага манэўраваньня расейскага штурмавіка Су-24 паблізу амэрыканскага эсьмінца «Дональд Кук» у Балтыйскім моры.

Прадстаўнік Эўрапейскага камандаваньня ўзброеных сіл ЗША назваў «агрэсіўным» праход самалёта на нізкай вышыні паблізу эсьмінца.

«У нас ёсьць глыбокія перасьцярогі з нагоды небясьпечнага і непрафэсійнага расейскага паветранага манэўраваньня», — заявіў прадстаўнік камандаваньня.

Штурмавікі не былі абсталяваныя ўзбраеньнем, аднак выканалі манэўр, які нагадвае паветраную атаку на судна.

«Гэтыя дзеяньні маюць патэнцыял непатрэбнай эскаляцыі напружанасьці ў адносінах паміж нашымі краінамі і могуць прывесьці да праліку або няшчаснага выпадку, які можа стаць прычынай сур’ёзных траўмаў або сьмерці», — адзначаецца ў заяве.

У паведамленьні гаворыцца, што інцыдэнты з эсьмінцам «Дональд Кук» адбыліся 11 і 12 красавіка ў міжнародных водах.