Гэтую ініцыятыву адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў агучыў 13 красавіка на сустрэчы са старшынём сталай камісіі Савету Рэспублікі па адукацыі, культуры, навуцы і сацыяльным разьвіцьці Мікалаем Казараўцом:
«Я нагадаў старшыні камісіі, што стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту ўваходзіла ў перадвыбарчую праграму Тацяны Караткевіч. І што было для мяне нечакана і прыемна — падалося, што спадар Казаравец разумее: такі ўнівэрсытэт патрэбны. Але, на думку старшыні камісіі, мы пакуль не гатовыя для адкрыцьця паўнавартаснага ўнівэрсытэту. Не хапае, асабліва ў тэхнічных спэцыяльнасьцях, беларускамоўных матэрыялаў, выкладчыкаў, дасьледчыкаў. Але рухацца ў гэтым кірунку трэба.
Таму мы прапанавалі: давайце пачнём зь беларускамоўнага факультэту ў БДУ. Падрыхтавацца і адкрыць цалкам беларускамоўны факультэт. А затым памалу прыйдзем і да Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту».
Падчас сустрэчы абмеркавалі яшчэ дзьве тэмы — «чорныя сьпісы» ў культуры і супрацоўніцтва Міністэрства культуры з грамадзянскай супольнасьцю ў межах Году культуры. Пра актуальнасьць гэтага яскрава сьведчыць сёньняшняя інфармацыя, што дзесяціразовага чэмпіёна сьвету Віталя Гуркова звольнілі зь Міністэрства спорту і турызму за ўдзел у гурце Brutto, а Міністэрства культуры канцэнтруецца выключна на дзяржаўных праграмах, пакідаючы па-за ўвагай недзяржаўных прапагандыстаў беларускай культуры.Кіраўнікі і экспэрты кампаніі «Гавары праўду» абышлі ўсе без выключэньня камісіі Палаты прадстаўнікоў і тры зь пяці камісіяў Савету Рэспублікі.