Уінстан Чэрчыль пра цяперашні ўрадавы крызіс ва Ўкраіне

Чым вырашыцца палітычны крызіс пасьля адстаўкі Арсенія Яцанюка? З каго будзе складацца новая ўрадавая кааліцыя ў Вярхоўнай Радзе? На што разьлічваюць Юлія Цімашэнка і Міхаіл Саакашвілі?


Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Агульнавядомая формула Ўінстана Чэрчыля: Дэмакратыя — самы горшы спосаб кіраваньня, толькі ўсе астатнія яшчэ горш. Яму таксама належыць іншае вострае слоўца: ніколі ня трэба глядзець, як гатуюць ежу і як робяць палітыку.

Другое выслоўе тлумачыць першае. Пры дэмакратыі тое, як робяць палітыку — навідавоку. Што насамрэч відовішча неапэтытнае. Цяперашняя ўкраінская сытуацыя — не выключэньне. Пасьля заявы Арсенія Яцанюка аб адстаўцы зьявілася інфармацыя, што кандыдат ад прэзыдэнцкага блёку ў парлямэнце Ўладзімер Гройсман адмовіўся ад прапанаванай пасады. Фракцыі блёку Юліі Цімашэнкі і Самапомачы адмовіліся ўвайсьці ўва ўрадавую кааліцыю, губэрнатар Адэскай вобласьці, уплывовы палітык нацыянальнага маштабу, прызначэнец прэзыдэнта Міхаіл Саакашвілі заклікаў Вярхоўную Раду галасаваць супраць новага ўраду.

На раніцу сёньняшняга дня спадар Гройсман перадумаў, паведамляецца, што ён працягвае перамовы аб фармаваньні ўраду і амаль узгадніў усе спрэчныя пазыцыі. Варта адзначыць, што найбольш чынна і спакойна ў гэтай сытуацыі паводзіць сябе Апазыцыйны блёк — былыя паплечнікі Віктара Януковіча. Ніхто ім нічога не прапануе, але яны ніякіх скандалаў ня ладзяць, пры гэтым выглядае, што магчымае іх негалоснае паразуменьне з прэзыдэнтам і што падтрымка ўраду залежыць ад іх галасоў.

Але на вачах — публічная сварка пераможцаў «рэвалюцыі годнасьці». Кааліцыя, патрэбная для зацьвярджэньня ўраду, калі і паўстане, то з фракцыяў прэзыдэнта і былога прэм’ера, для большасьці ім не хапае некалькі галасоў, і яны зараз актыўна заманьваюць у кааліцыю незалежных дэпутатаў і так званых «тушак» — парлямэнтароў, якія перабягаюць з адной фракцыі ў іншую, некаторыя, як кажуць злыя языкі, не бясплатна.

У дэмакратычнай сыстэме альтэрнатыва заўсёды ёсьць, у яе бываюць крутыя павароты, але рэдка здараюцца тупікі, бо няма правадыра, які ведае лепш за ўсіх, куды ісьці.


Калі не атрымаецца дамовіцца паміж аднадумцамі альбо не набярэцца галасоў, каб стварыць кааліцыю, стануць непазьбежнымі датэрміновыя выбары. Паводле апытаньняў, някепскія шанцы дасягнуць посьпеху мае партыя Юліі Цімашэнкі і гіпатэтычная палітычная сіла на чале з Міхаілам Саакашвілі. А да таго Арсэні Яцанюк будзе працягваць кіраваць урадам.

У гэтым сэнсе сваркі, якія суправаджаюць палітычны працэс ва Ўкраіне, ня надта адрозьніваюцца ад тых, якія, скажам, назіраюцца ў беларускай апазыцыі — гэта не ўкраінцы такія, гэта людзі наагул такія. Проста пры дэмакратыі гэтыя сваркі, празь якія ўсё ж дасягаецца кансэнсус — бачаць усе, у аўтарытарных сыстэмах усё адбываецца пад дываном, але ўсё тое ж самае — сваркі, інтрыгі, раптоўныя зьмены фронту.

Аўтарытарная сыстэма звонку ўяўляецца менш скандальнай, больш разважлівай. Але калі яна ідзе ў тупік, то ідзе разважліва і безальтэрнатыўна. У дэмакратычнай сыстэме альтэрнатыва заўсёды ёсьць, у яе бываюць крутыя павароты, але рэдка здараюцца тупікі, бо няма правадыра, які ведае лепш за ўсіх, куды ісьці.

Цыганкоў: Як ні было б брыдка назіраць за тым, як робіцца палітыка і дэмакратыя, але гэта цікавей, чым назіраць нашу ўмоўную дэмакратыю. У 1991-1994 гадах я працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам у Вярхоўным савеце, і кожны дзень было што пісаць, кожны журналіст меў доступ да ўсіх дэпутатаў і міністраў — ня раз на паўгода, як зараз, калі гэта ўсё фармальнасьць. Заканадаўчыя акты ўтвараліся на канкурэнтнай аснове, дэпутаты іх самі пісалі, апрацоўвалі, а не як зараз, калі адміністрацыя прэзыдэнта піша ўказы, а потым яны зацьвярджаюцца ў парлямэнце. Зараз заканадаўчай улады ў яго няма.

Палітычныя крызісы не заўсёды аказваюць адмоўны ўплыў на разьвіцьцё грамадзтва і эканомікі.


Аднак тое, што зараз адбываецца ва Ўкраіне, зьяўляецца адметнасьцю ўкраінскага і нацыянальнага, і палітычнага характару. Гэта для беларусаў выглядае даволі дзіўна. Але можна прывесьці ў прыклад эўрапейскую і шмат больш пасьпяховую краіну — Італію. У 70-90-я гады Італія ўвесь час жыла ва ўмовах палітычнага крызісу. Урады мяняліся раз на некалькі месяцаў, мала хто трымаўся некалькі гадоў. Але гэта не перашкаджала разьвівацца італьянскай эканоміцы. Палітычныя крызісы не заўсёды аказваюць адмоўны ўплыў на разьвіцьцё грамадзтва і эканомікі.


Карбалевіч: Урад Гройсмана ў асноўным сфарміраваны. Цяпер праблема ў тым, ці ўдасца яго зацьвердзіць у Вярхоўнай Радзе.

Ціашэнка, зважаючы на незадаволеньне насельніцтва, выкарыстоўвае чысты папулізм, крытыкуе рост камунальных тарыфаў.

Цяпер асноўныя фігуры апазыцыі — гэта Юлія Цімашэнка і Міхаіл Саакашвілі. Рэйтынг Цімашэнкі расьце, а рэйтынг Парашэнкі падае. Думаю, сытуацыя з афшорамі моцна ўдарыла па ім. І гэтым спрабуе скарыстацца Цімашэнка. Яна перайшла ў жорсткую апазыцыю, яе фракцыя выйшла з урадавай кааліцыі. Прычым, яна, зважаючы на незадаволеньне насельніцтва, выкарыстоўвае чысты папулізм, крытыкуе рост камунальных тарыфаў.

Што тычыцца Саакашвілі, то калі раней ён крытыкаваў урад, то цяпер перайшоў у атаку на Парашэнку. Думаю, гэта таксама адзін з вынікаў афшорнага скандалу. Але, здаецца, адэскі губэрнатар пераацэньвае свае сілы, бо ў яго няма сваёй палітычнай структуры ў агульнанацыянальным маштабе. Больш за тое, усе ягоныя рэзкасьці выкліканыя тым, што ён ня можа расставіць кіроўныя кадры ў сваёй вобласьці, ня можа прызначыць абласнога пракурора, кіраўніка мясцовага СБУ. То бок, ён нават у межах вобласьці зьвязаны. І па гэтай прычыне ён ня мае гісторыі посьпеху, абапіраючыся на якую ён мог бы распачаць агульнанацыянальную кампанію, набраць сабе прыхільнікаў. Таму выглядае, што ягоная заява ці ўльтыматум — гэта крык адчаю.