У Гомелі зноў гарыць фабрыка шпалераў «Фокс» ВІДЭА

Цэнтральную частку Гомеля засьцілае дымам. На вуліцы Тэльмана гарыць прадпрыемства па выпуску шпалераў — ААТ «Фокс». Працуюць ратавальнікі.

Гэта ўжо не ўпершыню. 24 лістапада 2011 году тут таксама быў моцны пажар. Восем баявых разьлікаў рэгіянальнага ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў тушылі яго тры з паловай гадзіны. Адначасова ратавальнікі эвакуавалі гатовую прадукцыю.

Жыхары вуліцы Тэльмана кажуць, што ўзгараньні на «Фоксе» здараюцца значна часьцей, чым на любым іншым прадпрыемстве ў горадзе.

Журналісты здымалі пажар праз мэталічную агароджу на фота і відэа: «Нечакана на нас накінуліся ахоўнікі АТТ «Фокс» — з палкамі і нецэнзурнай лаянкай. Яны сталі закрываць з унутранага боку агароджы пажар ад журналістаў разгорнутымі шпалерамі і кідалі кіёчкамі. Маўляў, гэта прыватная ўласнасьць, пайшлі прэч. Мінакі, што назіралі за пажарам, абураліся з воклічамі: «Капіталісты праклятыя! Свабоду прэсе!», — апавяла відавочца падзеяў, карэспандэнтка БелаПАН Алёна Германовіч.

Нягледзячы на агрэсіўнасьць аховы, журналісты зьнялі пажар.