Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў наземны комплекс кіраваньня нацыянальнай сыстэмай спадарожнікавай сувязі і вяшчаньня ў Дзяржынскім раёне.
Там ён выказаўся пра тое, як важна мець ракетныя комплексы беларускай вытворчасьці.
«Галоўнае для мяне — бясьпека нашых грамадзян, нашага грамадзтва і абароназдольнасьць краіны», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Лукашэнка больш падрабязна спыніўся на тэме стварэньня айчынных ракетных комплексаў.
«Ракета — гэта сёньня галоўная сыстэма для абароназдольнасьці. Гэта тая зброя, якая прымушае праціўніка думаць, ці варта сюды сунуць нос, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — У гэтым пляне нам ёсьць што сказаць, і мы будзем гэтаму аддаваць сур’ёзную ўвагу, ствараючы патрэбныя для нас і запатрабаваныя на рынку сыстэмы ўзбраеньня. Таму не хвалюйцеся за будучыню, бясьпеку, абароназдольнасьць нашай краіны. У нас дастаткова спэцыялістаў, якія могуць ствараць сыстэмы, здольныя супрацьстаяць любому праціўніку. Свой кавалак зямлі мы заўсёды абаронім. Мы нічога свайго не аддадзім, але і чужога нам ня трэба».
Беларускі ваенна-прамысловы комплекс прыступіў да стварэньня ўласнага ракетнага комплексу з дальнасьцю паражэньня да 300 кілямэтраў. Летась на загад Лукашэнкі была створаная рэактыўная сыстэма залпавага агню (РСЗО) «Палянэз» з дальнасьцю стральбы 200 кілямэтраў.