Грамадзкага актывіста Алексу Кліменку міліцыянты пагражаюць прымусова даставіць у Цэнтральны суд Менску 14 красавіка на разгляд пратаколу аб удзеле ў пікеце салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай каля амбасады Расеі.
Актывіст ужо праігнараваў некалькі позваў у суд, які ня лічыць справядлівым. Алекса Кліменка распавёў карэспандэнту Свабоды:
«Сам я браў удзел у пікетах 9, 21 і 22 сакавіка, але нават ня ведаю, за які дакладна дзень мяне хочуць судзіць. Позвы ў суд з паштовай скрыні я не забіраў сьвядома, бо не лічу, што нешта парушыў. Учора мне пазваніў міліцыянт з Цэнтральнага РУУС і папярэдзіў, што мяне могуць даставіць да іх прымусова 14 красавіка. Але на які час мяне выклікаюць і да якога судзьдзі, мне не паведамілі. Мяркую, мая пазыцыя ня зьменіцца — не лічу патрэбным хадзіць на такія суды, якія праходзілі над удзельнікамі пікетаў за Надзею Саўчанку. Даводзіць там сваё канстытуцыйнае права на пікеты бессэнсоўна, пікетоўцаў там усё роўна ня слухаюць», — сказаў Алекса Кліменка.
Пікеты салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай праходзілі ў Менску каля амбасады Расеі 7, 9, 21 і 22 сакавіка. За гэты час у пікетах узялі ўдзел некалькі дзясяткаў актывістаў, на большасьць зь іх міліцыянты склалі пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве. Суды над удзельнікамі пікетаў заканчваліся штрафамі ад 20 да 50 базавых велічынь.