Парк у мястэчку Караваджа, будзе названы ў гонар ліквідатараў, якія ў першыя месяцы пасьля Чарнобыльскай катастрофы, рызыкуючы жыцьцём, займаліся дэкантамінацыяй заражанай тэрыторыі і пабудовай ахоўнага саркафага.
Ідэя ўганараваць геройскі чын ліквідатараў узьнікла ў сяброў камітэту «Aiutiamoli a Vivere» (Дапаможам ім жыць) — дабрачыннага фонду, які арганізуе лячэбныя побыты ў Італіі для беларускіх дзяцей, якія жывуць у заражанай радыяцыяй зоне.
У мястэчку Караваджа, за 20 км. на поўдзень ад Бэргама, рэгулярна праходзяць аздараўленьне дзеці зь Беларусі.
Прапанова сяброў камітэту была ўхваленая мясцовымі ўладамі, і было вырашана назваць безыменную зялёную прастору «Паркам чарнобыльскіх ліквідатараў».
Парк будзе ўрачыста адкрыты ў 30-ю гадавіну катастрофы.
Пра гэта паведамляе мясцовае выданьне «Bergamonews».