Марк Фейгін, адвакат ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі назваў заўчаснымі паведамленьні ў СМІ пра дасягненьне дамоўленасьці абмяняць яго падабаронную.
У камэнтары для Радыё Свабода ён адзначыў, што перамовы па гэтым пытаньні «сапраўды ішлі», аднак верагоднасьць таго, што Саўчанка вернецца на радзіму ў бліжэйшыя дні, вельмі малая.
«Праблема ня ў кіеўскіх уладах і не ў міжнароднай супольнасьці, праблема — у Крамлі», — заявіў Фейгін. Ён дадаў, што пытаньне аб абмене ўкраінскай лётчыцы ня можа быць вырашана толькі палітычным шляхам, паколькі для выдачы Саўчанкі патрэбныя пэўныя юрыдычныя абгрунтаваніні: падпісанае прэзыдэнтам Расіі Ўладзімірам Пуціным памілаваньне альбо выкананьне дамоўленасьцей, прадугледжаных канвэнцыяй Рады Эўропы аб выдачы асуджаных.
Раней у панядзелак сястра Надзеі Саўчанкі Вера заявіла, што перамовы аб абмене ўкраінскай вайскоўкі сарваныя. «Парашэнка, Пуцін, вярніце Надзею», — напісала яна на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». Вера Саўчанка таксама паведаміла, што яе сястры можа спатрэбіцца шпіталізацыя з-за наступстваў галадоўкі, якую яна трымае з 6 красавіка.
Адвакат Мікалай Полазаў пры гэтым паведаміў у «Фэйсбуку», што сама Саўчанка адмовілася ад шпіталізацыі і спыненьня сухой галадоўкі. Лекары заявілі, што з-за гэтага ў крыві ўкраінскай вайскоўкі вялікая верагоднасьць ўтварэньня тромба і яе раптоўнай сьмерці. «Надзея вельмі чакае допуску да яе незалежнай камісіі лекараў. Украінскіх або нямецкіх мэдыкаў. Але пакуль ніякай пазытыўнай інфармацыі аб іх допуску на сёньняшні дзень ня маецца ..», — дадаў Полазаў.