Навошта Аляксандру Лукашэнку патрэбнае правядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу? Што ён скажа на гэтым сходзе? Якая роля сымбаляў і традыцыяў у палітыцы?
Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч: Кіраўнік Беларусі абвясьціў пра намер правесьці Ўсебеларускі народны сход. Зразумела, навошта Лукашэнка праводзіў гэтыя сходы перад прэзыдэнцкімі выбарамі — гэта быў спосаб палітычнай мабілізацыі свайго электарату. Але прэзыдэнцкая кампанія закончылася паўгода таму. Навошта цяпер праводзіць гэты форум? Як на мой погляд, шкоды ад яго для Лукашэнкі больш, чым карысьці. Цяпер існуе вялікая незадаволенасьць насельніцтва ўладаю. Паводле апытаньня НІСЭПД толькі 13% вераць, што становішча ў эканоміцы краіны бліжэйшымі гадамі палепшыцца. Ніякага пляну выхаду з крызысу, акрамя таго, што пачакаць, у Лукашэнкі няма, нічога аптымістычнага сказаць людзям ён ня можа.
Таму, па нармальнай лёгіцы ня варта было б у такой напружанай сацыяльнай сытуацыі лішні раз раздражняць людзей
Уся працэдура падрыхтоўкі сходу, і само яго правядзеньне будуць праходзіць на тле такога разрыву паміж рэальнасьцю і рыторыкай, якога не было ніколі раней. Таму, па нармальнай лёгіцы ня варта было б у такой напружанай сацыяльнай сытуацыі лішні раз раздражняць людзей.
Справа тут, відаць, ня толькі ў тым, што гэта даніна традыцыі, сіла інэрцыі. Адказ на гэтую загадку, трэба шукаць у сфэры псыхалёгіі. Лукашэнка лічыць, што калі ён не правядзе Ўсебеларускі сход, то гэта будзе праява слабасьці. Маўляў, вось заўсёды праводзіў, а цяпер спужаўся, народ падумае, значыць, «бацька» зьдзьмуўся. Таму трэба ўсім прадэманстраваць, што ён моцны, нічога не баіцца, нават у цяжкі час трымае ўдар. Гэта як ваенны парад у Маскве 7 лістапада 1941 году, калі фашысты стаялі пад Масквой. Гэта сыгнал усёй намэнклятуры, што я не здаюся, усё нармальна, нічога дрэннага не адбываецца. Гэта сэанс псыхатэрапіі. Тут важны сам факт, а ня зьмест таго, што там будзе адбывацца, хто што будзе гаварыць.
Дракахруст: Я б крыху інакш сфармуляваў вашы аргумэнты, Валер. Вельмі трапнае параўнаньне з парадам у Маскве ў 1941-м годзе, калі немцы стаялі пад Масквой. Роля рытуалаў даволі важная ў грамадзтве. Можна спытаць, а які рацыянальны сэнс вайсковай прысягі, каранацыі ці зьездаў КПСС? У пэўным сэнсе гэта натхняе людзей сваёй звыкласьцю і публічнасьцю.
Другі момант — тое, што арганізацыя такога сходу — гэта пэўнае практыкаваньне і праверка кіроўнага апарату. Каб рукі былі занятыя ў гэтага апарату. Ну і нарэшце сэнс гэтага сходу, як да выбараў, так і пасьля — гэта ілюзія народнай падтрымкі. Але ілюзія — гэта не абавязкова проста лухта. Бо фактычна на гэты сход будуць
сэнс гэтага сходу, як да выбараў, так і пасьля — гэта ілюзія народнай падтрымкі
вынесеныя тыя балючыя пытаньні, якія зараз хвалююць грамадзтва. І сытуацыя з ІП, і тарыфы ЖКГ, і падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Вось «народныя прадстаўнікі» гэта ўсё ўхваляць. На некага гэта не падзейнічае, ён падумае, што гэта ўсё спэктакль, а на некага і падзейнічае — народ жа падтрымаў, і не на выбарах, пра якія ўсе ўжо забыліся, а сёньня, у вялікай залі, на ўсю краіну. Зразумела, што гэта на настроі людзей ня надта паўплывае. Але на некага можа і паўплываць. У рэшце рэшт не такія вялікія рэсурсы на гэта трэба.
Цыганкоў: Гэта ня столькі рытуал, колькі сымбаль стабільнасьці перш за ўсё. Сход павінен быў прайсьці восеньню — тады была выбарчая кампанія, а менавіта восеньню спаўнялася пяць год з апошняга сходу. Хапіла Лукашэнку палітычнага розуму не праводзіць сход менавіта тады, паколькі што на ім сказаць выбаршчыку? Нагадаць пра тое, што было на папярэднім сходзе, калі абяцана была 1000 даляраў заробку? А тут за апошнія гады ён зьменшыўся з 500 даляраў, да якіх людзі ўжо прызвычаіліся, да цяперашніх 300. Як з гэтым выступаць падчас выбарчай кампаніі?
Прызначэньне сходу паказвае, наколькі важны сэнс Лукашэнка надае такім сымбалічным рэчам. Паказаць народу, што ўсё ідзе як належыць — прэзыдэнт у тэлевізары, праводзяцца сходы, ваенныя парады
Прызначэньне сходу паказвае, наколькі важны сэнс Лукашэнка надае такім сымбалічным рэчам. Паказаць народу, што ўсё ідзе як належыць — прэзыдэнт у тэлевізары, праводзяцца сходы, ваенныя парады. Людзі калі кажуць пра сымбалічныя жэсты, яны іх недаацэньваюць і пераацэньваюць рацыянальнасьць у паводзінах чалавека. На падсьвядомасьці і гуляюць вопытныя палітыкі. Калі б раптам улада зьмяніла сымболіку — для многіх гэта зусім не матэрыяльныя, няважныя знакі, «анучкі» — насамрэч гэта было б вельмі важна, бо пахіснула б веру ў цяперашнюю ўладу, яе трываласьць, надзейнасьць. А такія рэчы, як Усебеларускі Сход, павінен паказаць народу, што ўсё як заўсёды і ўлада непахісная. Менавіта такое пасланьне тут закладзенае.