Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com
З аглядам фатаскрыні другога тыдня вядучы Валер Дранчук.
Удзельнікі:
Вольга Дайлід
Воля Дольная-Валошка
Ігар Матвееў
Ільля Копыл
Аляксей Хадыка
«Каб лугі зазелянеліся, нашы нівачкі адзеліся»
На пачатак два здымкі Вольгі Дайлід — з тэмай праваслаўнага Дабравешчаньня, што прамінула на тыдні (7 красавіка) і ляканічнай аўтарскай фармулёўкай:
Незалежнасьць — гэта... вера ў Бога.
Ураўнаважанасьць сьвятлацені ў летнім сюжэце падкрэсьлівае і асаблівасьці навакольнага краявіду: зь лёгкай смугой раўнінная далеч, лугі, палявыя дарогі, прысады і скрыжаваньні, куды, бадай, зусім ня ўпісваюцца сілюэты камунікацый ды новых індустрыяльных пабудоваў у суседзтве зь велічным помнікам (што, бадай, ня ёсьць віной аўтара).
Другі фатаздымак ня менш ляканічны па форме і зьмесьце.
Незалежнасьць — гэта... нацыянальнае адзеньне
Адчуваецца стыль і стрыманая манера аўтаркі. Хай сабе другі здымак не назавеш бездакорным адносна выкладу рарытэтных прадметаў, ён мог быць больш прадуманы і старанны. У цэлым жа фармат сюжэтаў-вобразаў варты ўвагі і добрага слова. Шкада, Вольга не прадставілася: дзе жыве, чым займаецца. Журналіст, краязнаўца, настаўніца? Спадзяёмся на працяг знаёмства.
«І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі». У вянок памяці Ніла Гілевіча
Воля Дольная-Валошка, якая дэбютавала тыдзень таму з прпановай цыклю памяці Ніла Гілевіча, гэты раз напісала: «Хачу быць пасьлядоўнай. Мне вельмі дарагі Паэт, які адышоў. Чуюцца ягоныя вершы. Гучыць іхны сьпеў. Шмат радкоў Ніла Сымонавіча я вывучыла напамяць, у тым ліку раньніх. „Паклон табе, мой беларускі краю, Ты — мой, я — твой адроду і навек...“. Яшчэ — пра Айчыну, зь вянка санэтаў: „Мне да цябе заўсёды шлях кароткі...“. У вянок Памяці дасылаю вось гэты фатаздымак. Калі яго перакласьці на зялёна-летні лад, ён ураз ажыве шчымлівай мэлёдыяй вядомай песьні».
Тэму памяці Ніла Гілевіча я хачу падтрымаць нечакана рэдкасным фатафактам з сацыяльных сетак. Гэта, мабыць, той самы выпадак, калі абысьці яго было немагчыма. На разьвітаньні з паэтам у Петрапаўлаўскай царкве гучалі цымбалы. Аўтар здымка (і цэлай падборкі) — адзін з маіх сябраў у фэйсбуку Мікола Лавіцкі. На ўвагу і запрашэньне да конкурсу спадар Мікола адказаў сьціпла, маўляў, здымак ня мае конкурснай адметнасьці. «Калі падабаецца і на карысьць, калі ласка, буду рады». Мне ж падалося дарэчным і трапным, а па-свойму і драматычным, месца цымбалаў у разьвітальным чыне-вянку Народнаму паэту. Сябар Алесь Станкевіч пракаментаваў гэта так: «Тут, пад скляпеньнямі храма, ці ня ў першы раз цымбалаў гук працяў ўсіх нас, і быў ён вельмі адпаведны асобе, чыну ў час заветны...» Іншы наведнік сетак выказаўся ня менш выразна: «Глыбокая драматычная нота, вечны сьпеў на Сьветлую Векавечнасьць...»
Месца, дзе стаіць Барыс Хамайда, стала сымбалем беларускай незалежнасьці
Ігар Матвееў зь Віцебска:
«На конкурс прадстаўляю сэрыю фатаздымкаў вядомага ў Беларусі дэмакратычнага актывіста Барыса Хамайды, — піша нам віцебскі аўтар, вольны фатограф Ігар Матвееў. — Гэта чалавек, які сімвалізуе сабой свабоду асобы, незалежнасьць думкі і ўласнай грамадзкай пазыцыі. На працягу 20 гадоў — а гэта блізка, як існуе незалежнасьць краіны — кожны працоўны дзень у любое надвор’е ён прыязджае ў цэнтар Віцебска (сам жыве на ўскраіне) да так званага „сіняга дома“ і прадае тут незалежную прэсу. Такога кутка свабоды пад бел-чырвона-белым парасонам ды іншай гістарычнай, нацыянальна-духоўнай, незалежніцкай атрыбутыкай няма больш, напэўна, нідзе ў Беларусі. За правядзеньне „несанкцыянаваных пікетаў“ яго безліч разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі. А ён усёадно не сыходзіць. Месца, дзе нясе сваю варту Барыс Хамайда, стала ўжо адным з сымбаляў ня толькі Віцебска, але і беларускай незалежнасьці».
Прыемная рэч — адна справа пачуць пра цікавага, тым больш па-свойму легендарнага дэмакратычнага актывіста і тут жа пераканацца ў гэтым з добрай фатаграфіі, напрыклад, разгледзець працоўнае месца Барыса Хамайды ў дэталях і падрабязнасьцях, якія заўважыў аўтар фатаздымка.
Міжволі думаеш: на жаль, небагата бачым у той жа незалежнай прэсе вось такіх заўзятараў беларушчыны, ціхіх, але цягавіта старанных аратых нашай нацыянальнай нівы на вуліцах, сярод людзей, штодня, цягам будняў. Выбар героя-актывіста, хай сабе й вядомага ў беларускіх дэмакратычных колах (як жа, 20 гадоў на сваім рубяжы!), варты добрага слова і фатаграфіі. Партрэт у Ігара атрымаўся вобразна запамінальным, цікавым. Чакаем ад яго новых знаёмстваў. Далучайцеся!
Яшчэ адно знаёмства — Ільля Копыл:
«Мне 82-i год, і я доўга вагаўся — удзельнiчаць у фатаконкурсе цi не...»
Аўтар чарговага ліста і фатаздымка — ён жа на фота і сам, гэткае «сэлфі» — чалавек, якога таксама ведаюць многія, прынамсі, хто глядзіць дэмакратычную прэсу або слухае незалежнае радыё. Маючы назапашаны досьвед, Ільля Копыл сьведчыць сваю праўду, якую вызнае і адстойвае. У лісьце на фатаконкурс ахвотна распавядае пра сябе (дарэчы, гэта і наша прапанова, нават просьба — пачувацца бліжэй, даверыць сёе-тое са сваёй біяграфіі, распавесьці цікавую гісторыю, сказаць пра запаветнае і гд.).
«Нарадзiўcя я на Бягомельшчыне, — піша Ільля Копыл. — У часе Другой сусьветнай выжывау ва ўмовах акупацыi. З 1944 па 1954 — вучоба ў школе. Паступiў y Мiнскую артмiнамётную вучэльню. Затым Растоўскае вышэйшае камандна-iнжынэрнае вучылiшча ракетных войскаў стратэгiчнага прызначэньня і служба ў Савецкай Армii. Працаваў на iнжынэрных пасадах на адным з мiнскix прадпрыемстваў, у вайсковым прадстаўніцтве. У 1990 «прабіваўся» ў дэпутаты Мiнскага гарсавету. Перадвыбарчую агiтацыю правёу пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, у выніку з 6 кандыдатаў быў трэці. У лineнi 2003 на хвалях Радыё Свабоды прагучаў мой лicт «Сувэрэнiтэт — гэта...» А потым яго надрукавала «Народная Воля». Сувэрэнiтэт i Незалежнасьць — катэгорыi амаль аднолькавыя. Таму я вазьму з таго лicта адзiн абзац:
«Незалежнасьць — гэта... калi ў кpaiне паважаецца гiстарычная сымболіка: Бел-Чырвона-Белы Сьцяг i Герб Пагоня, якiя маюць сямiвекавую гiсторыю. Гэта калi я маю права карыстацца гэтай сымболікай у сьвяточныя днi, на спартыўных мерапрыемствах, на апазыцыйных акцыях, нават калi cучасная дзяржаўная сымболіка не такая. Гэта калi за карыстаньне гiстарычнай сымболікай мяне нixто ня мае права прэсынгаваць — затрымлiваць, судзiць, штрафаваць, абражаць...»
Цудоўна, спадар Копыл! І дзякуй Вам! Гляджу на фотапартрэт, і Ваша сумненьне — удзельнічаць у фатаконкурсе або не — выглядае крыху рытарычным. Дасланыя здымкі, зь якіх я выбраў лепшы, ані не пакідаюць спрэчных адчуваньняў: хто ведае Вас, чытаў або слухаў, хацеў бы бачыць Вас не адно перакананым патрыётам, а такім жа маладым і стылёвым, па-грамадзянску актыўным доўгія гады.
Аляксей Хадыка: з хронікі розных гадоў
Мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка выклаў фатакадры з хронікі розных гадоў. Цікава. Чакаем новых Вашых фатавэрсій, спадар Аляксей.
Сьвятло на сьвятло. 5 здымкаў ад вядучага
З Палесься-2008 я запрашаю на родную Стаўпеччыну-2016, дзе ў наднёманскіх лугавінах зацьвіў белакапытнік — адвечна мужная кветка, поўная волі не скарацца перад сьцюжамі ды халадамі, рушыць насустрач сьвятлу і свабодзе. І ў рэшце рэшт — перамагаць. Я гэта сьведчу, назіраючы кветку з 1998 года. У народзе называная «цар-травою», расьліна праз наступствы мэліярацыі трапіла ў Чырвоную кнігу, а зараз паціху ды пасьпяхова аднаўляецца...
Ліставаньне
Форум конкурсу, AWA. Вы напісалі: «Някепска было б паралельна правесьці і конкурс слоганаў „Незалежнасьць — гэта...“, як тэкстаў да фотавыяваў». Ідэя цікавая. Дасылайце, разгледзім.
Да наступнай суботы, сябры! Нагадаю, апошнім днём, каб патрапіць у чарговую, суботнюю галерэю, выбірайце сераду. Убачымся!