Вячорка пра Зьмітра Саўку: «Ён быў бясстрашным чалавекам»

Зьміцер Саўка

Сёньня стала вядома пра сьмерць Зьмітра Саўкі.​ Вінцук Вячорка, калега Зьмітра Саўкі ў галіне вывучэньня беларускай мовы, кажа, што для яго гэта навіна, як абухом па галаве:

«Гэта вельмі вялікая страта для нашай культуры, для мовазнаўства. Ды і ўвогуле для беларушчыны. Такога матываванага, такога глыбокага, такога адказнага чалавека яшчэ трэба будзе пашукаць і пашукаць. Калі Зьміцер браўся за нейкую справу, то рабіў ён яе да дэталяў.

Ён быў яшчэ і бясстрашным чалавекам. Ён не баяўся кідаць лёсу і палітычныя выклікі, а ня толькі творчыя і навуковыя. Зьміцер не баяўся ісьці супраць майнстрымавай плыні.

Зьміцер пакінуў пасьля сябе немалую навуковую спадчыну. Ведаючы, колькі яшчэ было ў яго плянаў, я зноў жа дакараў бы і сябе, і ўсіх: чаму, чаму так складваецца, што не ствараем умоваў такім людзям цалкам зьдзейсьніцца? А іх забірае няўмольны лёс».

Зьміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Менску. Удзельнічаў у моладзевым грамадзкім абʼяднаньні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984). Аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве з В. Кіпелем; Нью-Ёрк—Менск, 2002) і «Беларускі клясычны правапіс» (у суаўтарстве з Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня—Менск, 2005).

Зміцер быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат».

У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры чыннай дапамозе валанцёраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Зміцер Саўка хварэў на рак.