Праект InfoGrapher.by пачаў папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру.
Арганізатары абяцаюць тым, хто далучыцца да кампаніі ў інтэрнэце, шмат цікавага кантэнту, інтэрактыў і прызы ў выглядзе кніг беларускіх аўтараў з аўтографамі.
Infographer.by ‒ візуальны часопіс пра Беларусь, усе матэрыялы якога прадстаўленыя ў фармаце статычнай і відэа інфаграфікі.
«Мы заклікаем рабіць сэлфі зь любімымі беларускімі кнігамі. Таксама можна дзяліцца цытатамі, якія найбольш спадабаліся. Усё гэта трэба пазначаць хэштэгам #ЧытаемБеларускую — тады вы становіцеся актыўным удзельнікам нашай кампаніі. Ёсьць і пасіўная форма ўдзелу — проста сачыць за суполкамі, удзельнічаць у апытаньнях, атрымліваць цікавую інфармацыю. Яшчэ будуць рознага кшталту эстафэты, у межах якіх можна будзе заахвоціць сваіх сяброў зьвярнуць увагу на беларускую літаратуру», — кажа каардынатар кампаніі і кіраўнік праекту InfoGrapher.by Кірыл Стаселька.
Ён падкрэсьліў, што арганізатары кампаніі хочуць рабіць акцэнт на папулярызацыі трапных і цікавых цытат зь беларускіх твораў:
«Цытаты — гэта добры спосаб прыцягнуць увагу да ўсяго твора. Справа ў тым, што цытаты вельмі ёмістыя, ляканічныя, яны не стамляюць так, як, скажам, рэцэнзіі. І мы б вельмі хацелі паказаць, што ў беларускай літаратуры ёсьць шмат цікавых, мудрых, выбітных думак, якія проста павінны стаць вельмі вядомымі і папулярнымі», — кажа Кірыл Стаселька.
Сачыць за кампаніяй ды розыгрышамі можна ў суполках у сацыяльных сетках: vk.com/chytajem і facebook.com/chytajem.
«Цяпер досыць добры пэрыяд, каб зьвярнуць беларусаў да беларускай літаратуры. З аднаго боку гэтаму спрыяе Нобэлеўская прэмія Сьвятланы Алексіевіч. Зь іншага — ужо прайшло дастаткова часу, каб шум вакол гэтай падзеі троху суцішыўся, і можна было гаварыць ня толькі пра Нобэлеўскую прэмію, але і пра беларускую літаратуру ў цэлым», — падсумаваў каардынатар кампаніі.