Паведамленьні аб тым, што суду ня будзе, не адпавядаюць рэчаіснасьці, заявіў БелаПАН Беражкоў.
«Мая справа яшчэ ў стадыі рашэньня, трэба прайсьці пэўны шлях і выканаць пэўныя ўмовы, каб справа магла вырашыцца па сутнасьці і магла быць закрытая, каб суд сапраўды не адбыўся. Гэта — мэта, але да яе яшчэ трэба прыйсьці. А што можа здарыцца заўтра — як паказвае сытуацыя, гэта непрадказальна», — сказаў ён.
Мая справа яшчэ ў стадыі рашэньня, трэба прайсьці пэўны шлях, каб суд сапраўды не адбыўся.
Паводле Беражкова, які з 1995-га па 2014 гады быў галоўным рэдактарам спартовай газэты «Прэсбол», у журналістыку ён вяртацца не зьбіраецца, хоць ужо атрымаў прапанову ад былых калег. У той жа час былы топ-мэнэджэр «Дынама» ня выключыў, што калі-небудзь напіша кнігу пра дзень свайго арышту.
Галоўнай задачай у СІЗА Беражкоў лічыў захаваньне здароўя, у тым ліку інтэлектуальнага:
«Я разумеў адказнасьць, якая на мне ўсё адно застаецца... Мне трэба было выхоўваць непаўналетніх дзяцей, мне трэба было, каб мая састарэлая мама, іншыя сваякі і сябры, якія за мяне вельмі перажывалі, атрымалі не кавалак расьліны ці мяса, за якім трэба даглядаць, а паўнавартаснага чалавека, які мог бы яшчэ быць здольным дапамагаць ім».
Паводле Беражкова, тых, хто не заслугоўвае поціску рукі, ён перасьледаваць не зьбіраецца.
Чалавек сам па сабе, як істота, мае патрэбу ў спагадзе і выхаваньні, а злосьцю яго ня выправіць.
«Я ўвогуле шмат у чым пераацаніў сваё стаўленьне да людзей і да жыцьця. Прыйшоў да таго, што трэба больш дараваць, — адзначыў ён. — Чалавек сам па сабе, як істота, мае патрэбу ў спагадзе і выхаваньні, а злосьцю яго ня выправіць. Злосьць нямоглая ў гэтым пляне. Таму я, шчыра кажучы, ня ведаю яшчэ, як буду сустракацца і размаўляць зь нерукапаціскальнымі людзьмі, але дакладна ведаю, што ім ня буду помсьціць, што ня буду прадпрымаць супраць іх ніякіх дзеяньняў, якія, скажам так, дрэнна б паўплывалі на іх здароўе, дзелавую і іншую рэпутацыю».
Топ-мэнэджэры ХК «Дынама» Максім Суботкін і Ўладзімір Беражкоў былі затрыманыя летам 2015 году. У канцы ліпеня па абвінавачваньні ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе нанясеньня ўрону ў асабліва буйным памеры, затрымалі Суботкіна, які застаецца пад арыштам. У жніўні быў затрыманы Беражкоў — яму прад’явілі абвінавачаньне ў завалоданьні грашовымі сродкамі клюбу на 1 млрд. 90 млн. рублёў з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў (ч. 4 арт. 210 КК).
1 лютага Сьледчы камітэт паведаміў аб завяршэньні расьсьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні да Беражкова і Суботкіна, а таксама пра тое, што яны пакрылі амаль 3 млрд. рублёў шкоды і папрасілі вызваліць іх ад крымінальнай адказнасьці.
5 лютага старшыня СК Іван Наскевіч заявіў журналістам, што Беражкоў і Суботкін могуць быць памілаваныя, паколькі пакрылі нанесеную шкоду. Пры гэтым Наскевіч падкрэсьліў, што з такім хадайніцтвам Беражкоў і Суботкін зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі. «Сказаць за кіраўніка дзяржавы, якое будзе рашэньне, я не бяруся, таму і аб судовай пэрспэктыве гаварыць таксама заўчасна. Магчыма, яе і ня будзе, калі іх прашэньне будзе задаволена», — сказаў кіраўнік СК.