Дракахруст: На гэтым тыдні Палата Прадстаўнікоў прагаласавала за праграму ўраду на 2016–2020 гады. Палата Прадстаўнікоў у Беларусі заўсёды галасуе за тое, што прапануе ўрад і адміністрацыя прэзыдэнта. Але калі казаць пра грамадзкую рэакцыю, то яна была на гэтую праграму даволі кіслая. Праграма не на адзін год. Калі б гэта была нейкая праграма пажарных мераў, да гэтага магло б быць адно стаўленьне. Але тут пэрспэктыва амаль як у савецкія часы — на пяцігодку. Хацелася б чакаць якіх стратэгічных падыходаў — але гэтая праграма ня ўтрымлівае ніякіх стратэгічных падыходаў, у тым ліку і тых, якія б нам з вамі, калегі, не спадабаліся б.
Мог бы быць канцэптуальны падыход: нацыяналізацыя, распрананьне «тлустых катоў» — «37-ы год» для вялікага бізнэсу, прывязка ўсіх працаўнікоў да сваіх прадпрыемстваў, як пару гадоў таму было з дрэваапрацоўкай, падвышэньне падаходнага падатку. Апрыёры мог бы быць клясычны набор антылібэральных захадаў, пра якія ўвесь час гаворыць Лукашэнка. Няма і трыяды так званага Вашынгтонскага кансэнсусу: фінансавая стабілізацыя, прыватызацыя і структурныя рэформы.
Ці не найбольш канструктыўная крытыка прагучала з вуснаў уладальніка парталу tut.by Юрыя Зісера. Ён па пунктах разабраў тыя 9 прыярытэтаў ураду, якія ў гэтай праграме адлюстраваныя. Сутнасьць крытыкі палягала ў тым, што гэта драбнатэм’е, бо ў адзін кацёл зваленыя самыя розныя крокі. Сярод іх і сапраўды прынцыповыя — кшталту разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, але разам з тым — асваеньне кітайскага крэдыту. Ну што гэта за кірунак праграмы ўраду? Ну, прыйдзе крэдыт, будуць асвойваць.
Акрамя таго, Зісер піша пра тое, што слова «прыярытэты» ўжо дэвальваванае. Ну ня можа быць 9 прыярытэтаў ураду! Так, ураду даводзіцца займацца шмат якімі справамі, і іх ня 9, а дзясяткі. Але прыярытэты — гэта ўсё ж галоўныя кірункі, гэта, так бы мовіць, лякаматывы, якія павінны кардынальна зьмяніць сытуацыю ў эканоміцы. Іх 9 быць ня можа. І спадар Зісер з тых дзевяці адзначыў два, якія насамрэч не разбураюць беларускую сацыяльную мадэль, але могуць адыграць ролю лякаматываў. Першы — дывэрсыфікацыя экспарту. Бо ўсе бачаць: калі абвальваецца расейскі рынак — усё абвальваецца і ў Беларусі. Як нядаўна спадар Калаўр, старшыня Нацыянальнага банку Беларусі, казаў — калі еду на працу, дык малюся за расейскую эканоміку. Гэта можа выцягнуць беларускую эканоміку, бо яна экспартаарыентаваная. Другі — бізнэс. Зьмена прыроды эканамічнай мадэлі, хай і павольная.
Карбалевіч: Назваць гэта праграмай цяжка. Акрамя задачы стварыць 50 тыс. новых працоўных месцаў, там няма лічбаў. Гэта набор традыцыйных тэзісаў, звыклых штампаў, якія мы бачылі і чулі шмат разоў. Гэта такі своеасаблівы бюракратычны фінт вушамі ўраду. Лукашэнка рэформы адрынуў, запатрабаваў працаваць па-ранейшаму. Ну дык урад і падрыхтаваў адпаведны дакумэнт. Тым больш што перад Палатай прадстаўнікоў асабліва можна не старацца. Гэта ж не МВФ. Дэпутаты лішніх пытаньняў не зададуць.
Гэта набор традыцыйных тэзісаў, звыклых штампаў, якія мы бачылі і чулі шмат разоў. Гэта такі своеасаблівы бюракратычны фінт вушамі ўраду.
Вось, напрыклад, такая новая і сьвежая задача, як павысіць эфэктыўнасьць працы прамысловых прадпрыемстваў. 20 гадоў урад ставіць такія задачы, а тая эфэктыўнасьць усё зьніжаецца. Ну, давайце яшчэ раз паставім такую задачу.
Увогуле, складаецца ўражаньне, што праграма створана паводле вядомага і апрабаванага ўжо тут прынцыпу: ад балды. І прэм’ер, і міністры ня надта клапоцяцца пра хоць якую адпаведнасьць рэальнасьці. Вось, напрыклад, ставіцца задача: «бездаўгавое фінансаваньне плацёжнага балянсу краіны, паступовая выплата сфармаваных зьнешніх даўгоў». І гэта на тле таго, што Беларусь толькі што атрымала крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, вядзе перамовы аб крэдыце МВФ і плянуе разьмясьціць эўрабонды на эўрапейскім рынку памерам 1 млрд даляраў. Усе гэтыя праграмы даўно перасталі мець нейкі рэальны сэнс. За невыкананьне праграмаў даўно ніхто нікога не прыцягвае да адказнасьці. Гэта проста рытуал і больш нічога. І ён сьведчыць, што рэальнай праграмы, праграмы выхаду з крызісу, у беларускага ўраду сёньня проста няма.
Дракахруст: Пагадзіцеся, цікава, што няма антырэформаў. Антылібэральных рэформаў. Словы пра «тлустых катоў», тое, што бізнэс не такі сацыяльна адказны, можна было б увасобіць у канкрэтныя крокі — назад у СССР.
Цыганкоў: Гэта ўжо дыялектыка. Калі лічыць дасягненьнем тое, што няма «37-га году» для алігархаў. Няма рэформаў — дык няма і антырэформаў. Ёсьць таптаньне на месцы. Кампраміс паміж рыначнікамі і кансэрватарамі, працяг знакамітага дэкрэту Лукашэнкі ад пачатку году пра зьмены ў эканоміцы. Цяпер праграма ўраду пацьвярджае гэтыя палажэньні, хоць і ў абцякальных формах.
Дэкрэт напісаны мовай Савецкага Саюзу, там няма захадаў па рацыяналізацыі і пасадцы алігархаў, але няма і такіх захадаў, якія мы, ці назіральнікі, ці беларускія незалежныя ці замежныя эканамісты назвалі б рэфарматарскімі.
Мадэль ручнога кіраваньня эканомікай, якая сёньня існуе ў Беларусі, апрыёры адрынае любую канцэптуальнасьць, любую праграмнасьць.
Магчыма, урад паў ахвярай журналісцкага папулісцкага падыходу. Цяпер у рэдакцыях рэкамэндуюць самыя лепшыя матэрыялы называць лічбамі: 7 фактаў з гісторыі, 10 вядомых беларускамоўных спартоўцаў і г. д. Але і ўрад называе сваю праграму ў такім самым стылі. Гэта забаўна. Гэтыя 9 крыніц росту эканомікі сапраўды вельмі неаднародныя, неадназначныя, бо некаторыя зь іх істотныя, а некаторыя — кшталту «палепшыць, забясьпечыць» і не зьяўляюцца нейкім крокам.
Ну вось — «Забясьпечыць прыбытковую працу найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў пры зьмене якасьці кіраваньня іх актывамі і зьніжэньні сабекошту прадукцыі». Гэты можна было ў 1989 годзе такое сказаць, у 1991-м, у 2001-м. Тут няма ня толькі ніякай навізны — ладна, няма ніякай канкрэтыкі. За кошт чаго? Якім чынам? Дзякуючы якім рэформам, эканамічным сродкам, працэнтным стаўкам? Проста сказана «забясьпечыць». Пры тым, што многія эканамісты бачаць прычыны праблемаў у занадта вялікай долі гэтага сэктару ў беларускай эканоміцы. Менавіта гэта цягне эканоміку ўніз, што пацьвярджаецца лічбамі, бо ўсе гэтыя дзяржаўныя прадпрыемствы, так званыя флягманы беларускай эканомікі, якія засталіся з савецкіх часоў, якраз і маюць нізкую рэнтабэльнасьць, высмоктваюць грошы зь бюджэту.
Ці, напрыклад, такія заявы, як «падвышэньне плацёжнай дысцыпліны». Ня цягне гэта ніяк ня тое што на рэформы, а на праграму канкрэтных дзеяньняў. Гэта кампраміс паміж рэфарматарамі — Кірыл Руды тлумачыў, чаму ня будзе рэформаў у 2016-м, — і кансэрватарамі кшталту Ткачова, якія цягнуць назад у сацыялізм.
Карбалевіч: Хачу дадаць адну рэпліку. Справа ў тым, што мадэль ручнога кіраваньня эканомікай, якая сёньня існуе ў Беларусі, апрыёры адрынае любую канцэптуальнасьць, любую праграмнасьць. Галоўны прынцып такой мадэлі — рэакцыя на зьмену сытуацыі. Запісваць нейкую канцэпцыю — значыць зьвязваць сабе рукі.