«Панамскі паперы» — маштабнае расьсьледаваньне журналісцкага кансорцыюму OCCRP аб вывадзе сродкаў расейскіх дзяржкампаній у афшоры набліжанымі да Ўладзіміра Пуціна людзьмі — прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзмітрый Пяскоў назваў «здагадкамі», «спэкуляцыямі» і праявай «бацылы пуцінафобіі» ў заходнім грамадзтве.
Пяскоў выказаў здагадку, што гэты «ўкід», які ён сам анансаваў за тыдзень зь лішнім да самой публікацыі, закліканы «перабіць пазытыў ад посьпехаў Расеі ў Сырыі» і падарваць рэпутацыю Пуціна «напярэдадні выбараў».
Пры абмеркаваньні «панамскіх папераў» часта можна чуць спрэчкі: 2 мільярды, якія прыпісваюцца Пуціну, — гэта шмат ці мала (палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ацэньваў багацьце Пуціна на 40 мільярдаў даляраў). Яшчэ адно частае пытаньне: ці могуць падобныя выкрыцьці аказаць ўплыў на расейскае грамадзтва.
Палітоляг і дактарант Калюмбійскага ўнівэрсытэту Марыя Сьнегавая лічыць, што «панамскія паперы» акажуць уплыў перш за ўсё на зьнешні вобраз Пуціна і ягонага рэжыму:
— Два мільярды даляраў, з пункту гледжаньня таго, што, як мы разумеем, па-сапраўднаму зьяўляецца багацьцем Уладзіміра Уладзіміравіча, сьмехатворныя. Зь іншага боку, большасьць актываў расейскіх уладаў, перш за ўсё Пуціна, знаходзяцца не ў прамой уласнасьці — хутчэй за ўсё, яны перададзеныя ва ўмоўнае валоданьне людзей з бліжэйшага кола. Мы можам здагадвацца, хто гэта, у тым ліку, скажам, [Аркадзь] Ратэнбэрг, хутчэй за ўсё, не зусім на сваю карысьць робіць бізнэс. Указвае на гэта папярэдняя публікацыя таго ж журналісцкага кансорцыюму пра тое, што Ратэнбэрг — фактычна, проста агент па транзакцыях. Асноўная каштоўнасьць цяперашняга расьсьледаваньня ня ў тым, якія сумы ў ім згаданыя, а тое, наколькі добра і выразна задакумэнтаваныя гэтыя афшорныя транзакцыі. Беспрэцэдэнтны памер зьлітых матэрыялаў дакумэнтальна паказвае ўгоды асобамі з бліжэйшага кола Ўладзіміра Ўладзіміравіча. Гэта даволі адчувальны ўдар па Крамлі.
Беспрэцэдэнтны памер зьлітых матэрыялаў дакумэнтальна паказвае ўгоды асобамі з бліжэйшага кола Ўладзіміра Ўладзіміравіча.
Зразумела, што гэтыя дакумэнты ня зьвернутыя наўпрост да расейцаў, таму што расейцы наўрад ці пра гэта даведаюцца, наўрад ці гэта будзе паказана на падкантрольных Крамлю каналах, і нават калі даведаюцца, скажуць: чаго мы там ня ведалі, затое ён Крым вярнуў. Гэтая інфармацыя — для Захаду, для арганізацый, якія займаюцца расьсьледаваньнем карупцыйных схем, і для заходніх лідэраў, якія цяпер маюць адкрытыя доказы карумпаванасьці Крамля. У мяне няма сумневаў, што Дзярждэпартамэнт і іншыя структуры ў ЗША мелі падобную інфармацыю і да таго. Але каштоўнасьць гэтых дакумэнтаў менавіта ў тым, што яны даюць выразны легальны рычаг ціску на Крэмль і перасьледу Крамля паводле закону. Мы цяпер маем выразныя доказы ўдзелу блізкіх да Крамля, да Ўладзіміра Пуціна, асоб у такіх карумпаваных схемах.
— Эфэктыўнасьць заходніх санкцый супраць высокапастаўленых людзей у Расеі ставілася пад сумнеў. І часта можна было чуць меркаваньне, што Захад не адважваецца наўпрост дзейнічаць супраць Пуціна. Ці магчыма, што на Захадзе пачнуць паляваньне за грашыма непасрэдна расейскага лідэра?
— Па-першае, я ня згодная з тым, што санкцыі не працуюць. На мой погляд, яны даволі адчувальна ўдарылі па Крамлі. Зразумела, што асноўную ролю адыгралі сэктаральныя санкцыі, якія былі ўведзеныя пасьля таго, як сэпаратысты зьбілі малайзійскі «Боінг». Тым ня менш мы дакладна ведаем, што была вялікая колькасьць незадаволеных асоб у найбліжэйшым атачэньні Пуціна і, наогул, людзей у Крамлі, у расейскай палітыцы, якія апынуліся ў санкцыйным сьпісе. І гэта, так ці інакш, паніжае ляяльнасьць людзей да кіраўніцтва Расеі. Больш за тое, жорсткія санкцыі, магчыма, спынілі прасоўваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Гэта цяжка даказаць, таму што немагчыма разгарнуць гісторыю назад і паглядзець, што было б, калі б санкцыі не былі ўведзеныя. Але ёсьць даволі выразныя ўказаньні на гэта. Не чакалася, што эканамічны ўрон будзе настолькі моцны для Расеі. І апошняе: у спалучэньні з падзеньнем коштаў на нафту санкцыі ўдарылі па эканоміцы. Але гэта асобнае пытаньне.
Каштоўнасьць расьсьледаваньня ў тым, што яно дадаткова дыскрэдытуе Крэмль.
А калі вярнуцца да асноўнага пытаньня аб значэньні «панамскіх папер», яшчэ адзін важны момант вось у чым: вядома, што Пуцін і Крэмль у цэлым вельмі актыўна спрабуе шукаць сабе сяброў на Захадзе. Прызначае іх дырэктарамі расейскіх кампаній, уводзіць іх у Рады дырэктараў і гэтак далей. І тут каштоўнасьць расьсьледаваньня ў тым, што яно дадаткова дыскрэдытуе Крэмль. Заходняе кола асоб, схільных раней ўзаемадзейнічаць з Крамлём, яго палітычных і бізнэс-сяброў, будзе разумець, што любыя кантакты з Крамлём цяпер — гэта непрыстойна, гэта пагражае рэальнымі юрыдычнымі пазовамі. Крэмль губляе твар сярод сваіх. Раней ён здаваўся моцным, абсалютна непрыступным для любой крытыкі, а цяпер мы бачым, што ён апынуўся ў ізаляцыі ня толькі ў выніку сваёй міжнароднай палітыкі, але і з-за гэтых карупцыйных схем, якія пачынаюць усплываць. Узаемадзеяньне з Крамлём проста становіцца небясьпечным. І краіны кшталту Італіі, дзе было вельмі шмат прыхільнікаў Крамля ці яго сяброў, яны будуць менш радыя ўзаемадзеяньню з Крамлём у бліжэйшы час. Вось яшчэ чаму гэта расьсьледаваньне важнае.
— Пытаньне, якое часта абмяркоўваецца: ці ёсьць у Захаду кампрамат на Пуціна і ці спрабуюць зь яго дапамогай уплываць на Крэмль. Калі ў Маскву прыяжджаў дзяржсакратар ЗША Джон Керы, усе глядзелі зачаравана на яго чамаданчык. Можна ўспомніць заяву прадстаўніка Міністэрства фінансаў ЗША Адама Шубіна ў фільме BBC, падтрыманую Дзярждэпартамэнтам, што ЗША лічаць Пуціна карумпаваным. З гэтага вынікае, што нейкая доказная база гэтага ёсьць. Але яна не выкарыстоўваецца.
Санкцыі абмежавалі магчымасьці многіх людзей з блізкага кола Пуціна езьдзіць на Захад.
— Яна можа выкарыстоўвацца, але не публічным спосабам. Зноў жа, мы ня ведаем, чаму выяўляюцца разнастайныя ўцечкі ў прэсе, скажам, пра тых жа Ратэнбэргаў. У тым, што Захад мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць вельмі высокую карумпаванасьць Крамля або блізкіх да яго асоб, я ўпэўненая. Іншая справа, наколькі эфэктыўна гэтыя дакумэнты выкарыстоўваюцца заходнімі лідэрамі. Гэта ацаніць даволі цяжка. Тым ня менш іншыя спосабы, якія мы назіраем на паверхні, у прыватнасьці, санкцыйныя сьпісы, таксама вельмі эфэктыўныя. І хоць Крэмль робіць выгляд, што гэта яго ня моцна закранае, «не сьмяшыце мае Іскандэры» і гэтак далей, на самай справе яны выразна б’юць па бліжэйшым коле. І гэта зьвязана з мадэльлю кіраваньня краінай, якая была выбудаваная ў Расеі за час кіраваньня Пуціна: прытым што вы зарабляеце ў Расеі, як правіла, вы траціце за мяжой, у разьвітых краінах Эўропы, напрыклад, на Лазурным узьбярэжжы або ў Лёндане. Санкцыі абмежавалі магчымасьці многіх людзей з блізкага кола Пуціна езьдзіць на Захад. Яны апынуліся сам-насам з той самай краінай, якую яны ўвесь гэты час стваралі. І гэта прывяло да зьяўленьня вялікай колькасьці незадаволеных асоб. Тое, што трэньні пагаршаліся, мы ведаем і па шматлікіх уцечках. Напрыклад, у «Новай газэце» была апублікавана расшыфроўка абмеркаваньня пытаньня аб прыняцьці каманды Крыму ў Расейскую футбольную лігу. І па ёй было відаць, наколькі людзі ўнутры расейскай улады грызуцца паміж сабой. Цяперашняя публікацыя не палепшыць гэтую сытуацыю.
Насамрэч, ціск Захаду ня рэзкі, ня ярка выяўлены, але затое пастаянны і ён ўзмацняецца. Бо гэтыя матэрыялы апублікаваныя на фоне яўна выражаных спробаў Крамля наладзіць адносіны з Захадам. Мы бачым істотнае зьмякчэньне крамлёўскай рыторыкі, адносна прыпыненая эскаляцыя ва Ўкраіне, прыпыненая эскаляцыя ў Сырыі ды іншае. Крэмль відавочна спрабуе дамагчыся адмены санкцыі ў ліпені. Тым ня менш мы бачым, што Захад працягвае ціск. Расейская ўлада для Захаду «нярукапаціскальная» — зь ёй нельга мець справу, таму што ўсё роўна вас кінуць. І тое, што мы назіраем, толькі частка гэтага працэсу, які, у выніку, як мінімум, зьмякчыць дзеяньні расейскай улады на міжнароднай сцэне.