Розны лёс савецкіх помнікаў

Польшча. Зняты мэмарыяльны знак генэралу Чарняхоўскаму ў горадзе Пененжно

У Польшчы зьнесеныя савецкія помнікі перанясуць у музэй у Чырвоным Бару. У Беларусі абсалютная большасьць помнікаў савецкага часу засталіся там, дзе яны былі і раней. Ва Ўкраіне працягваецца масавы дэмантаж помнікаў Леніну ды іншым савецкім правадырам.

У Польшчы зьнесеныя савецкія помнікі перанясуць у Чырвоны Бор. Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы мае намер выкарыстоўваць у якасьці музэю пад адкрытым небам для дэмантаваных «помнікаў падзякі» Чырвонай Арміі і СССР мясцовасьць Чырвоны Бор на Падляшшы.

Гэта, на думку аўтара ідэі, кіраўніка ўпраўленьня адукацыі Інстытуту Анджэя Завістоўскага, ідэальнае месца, паведамляе сайт Польскага культурнага цэнтру ў Калінінградзе. Чырвоны Бор — былы ваенны палігон, адкуль пасьля прыходу савецкіх уладаў у 1939 году адпраўляліся цягнікі з палякамі, дэпартаванымі ў Сыбір. Пасьля вайны ў гэтым лесе хаваліся ўдзельнікі антысавецкага падпольля.
Інстытут выбраў гэтае месца, паколькі яно знаходзіцца ўсяго ў 1,5 гадзінах язды ад Варшавы, а зямля належаць дзяржаве.

Хостел "Good Bye, Lenin!" у Кракаве



Інстытут нацыянальнай памяці хоча прымусіць мясцовыя органы ўлады прыбраць помнікі і сымбалі часоў камунізму з вуліц і плошчаў гарадоў Польшчы ды перамясьціць іх у адно месца. Адпаведны праект Інстытут накіруе ў мясцовыя органы ўлады на працягу бліжэйшых тыдняў. Гаворка ідзе пра больш чым 500 «помнікаў падзякі» Савецкаму Саюзу, які вызваліў Польшчу ад нацысцкай акупацыі, пасьля чаго да ўлады краіне прыйшлі сталіністы.

Ленін каля Гарадзенскага гарвыканкаму


У Беларусі абсалютная большасьць помнікаў савецкага часу засталіся там, дзе яны былі і раней. У Быхаве, Горках, Глыбокім і Слоніме помнікі Леніну были дэмантаваныя з прычыны іх дрэннага стану. У 1992 годзе ў Менску былі дэмантаваныя помнікі Марксу і Леніну каля будынку былога ЦК КПБ (у той час — Вярхоўнага Савета, цяпер — адміністрацыі прэзыдэнта). Яны былі ўсталяваныя там у 1980 годзе, аўтар — скульптар Заір Азгур.

Ленін на Плошчы Незалежнасьці ў Менску



Ва Ўкраіне адбываецца масавы дэмантаж помнікаў Леніну ды іншым савецкім правадырам (помнік Леніну на Хрышчаціку ў Кіеве быў звалены ў дні Майдану ў пачатку 2015 году).

Дэмантаж помніку Леніна ў Запарожжы


У Літве 111 скульптураў савецкага часу з усёй краіны былі зьвезеныя ў парк Грутас.


У Эстоніі помнікі Леніну ды іншым савецкім лідэрам дэмантаваныя. У 2007 годзе з узгорку Тынісмягі ў цэнтры Таліна была перанесеная на Вайсковыя могілкі скульптура савецкага салдата, што выклікала пратэст часткі рускамоўнага насельніцтва, а таксама рэзкае пагаршэньне расейска-эстонскіх адносінаў; расейская Дзярждума запатрабавала ўвесьці супраць Эстоніі эканамічныя санкцыі, шэраг расейскіх дзяржаўных і прыватных кампаніяў спынілі кантракты з эстонскімі партнэрамі.


У 1991 годзе савецкі танк, які стаяў на пастамэнце ў цэнтры Прагі, быў спачатку перафарбаваны ў ружовы колер, а затым дэмантаваны і перавезены ў ваенна-тэхнічны музэй ў Ляшанах.

У кітайскім горадзе Даляняі ў 1999 годзе помнік савецкаму салдату быў перанесены на расейскія могілкі; улады патлумачылі гэта патрэбамі горадабудаўніцтва.

23 жніўня 1991 году.

У Маскве ў жніўні 1991-га, адразу пасьля правалу путчу, быў зьнесены помнік Дзяржынскаму на Лубянскай плошчы. Цяпер ён знаходзіцца ў адным з маскоўскіх паркаў. Тым ня менш, пракуратура Масквы пачала праверку законнасьці зносу помніку. У апошнія гады ў расейскай сталіцы былі адноўленыя некаторыя мэмарыяльныя шыльды на дамах, дзе жылі камуністычныя кіраўнікі СССР – у прыватнасьці, на доме па Кутузаўскім праспэкце, дзе жыў Юры Андропаў.

Ленін ва Ўлан-Удэ