Вітаю, ня думаў, што пачынаць наш конкурс давядзецца з сумна-журлівай ноты. У хвіліны, калі я пішу гэтыя радкі, Беларусь разьвітваецца з апошнім народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам.
Здымак тыдня
«Я палезла ў свае шуфляды, дастала маміны ручнікі, сьвечку і разгарнула старонкі Ягонай паэзіі»
Воля Дольная-Валошка напісала:
«Я пакуль не прымерваюся да пераможных ляўраў. Наогул, лічу, перамога ў такім конкурсе — справа шчасьлівага выпадку, спасланая зь Неба. Хутчэй, быць разам са Свабодай, стаць пад словамі „Незалежнасьць — гэта...“ мне бліжэй і набывае іншы, духоўны сэнс. Да гэтага я заўсёды гарнулася душой, гэтым заўсёды жыла, пра гэта думаю штодня. Таму паўдзельнічаць, і быць адной з актыўных заўзятарак конкурсу, — вось маё і дзеля мяне. Сёньня я глыбока смуткую з той часткай беларусаў, хто ведаў і цаніў вялікі талент Ніла Гілевіча... Паэта ня стала... Я палезла ў свае шафы-шуфляды, дастала маміны ручнікі, сьвечку і разгарнула старонкі Ягонай паэзіі. Дасылаю тое, што атрымалася. Магчыма, мае пачуцьці падхопяць іншыя ўдзельнікі, і ў рамках конкурсу зьявіцца цэлая фотасэрыя памяці Паэта. Дасылаю два фотаздымкі: чорна-белы і ў колеры, выбірайце.
Пра сябе. Настаўніца роднай мовы і літаратуры з 30-гадовым стажам. Краязнаўца. Здымаю адносна нядаўна, калі ў 2012 годзе мне на дзень народзінаў падаравалі фотакамэру Сanon. Свой удзел у конкурсе пазначаю псэўданімам, хоць пры першай прынцыповай нагодзе гатовая „адкрыцца“. Проста мне як вясковай жанчыне так больш даспадобы».
Дзякуй, паважаная Валошка! Вы зрабілі ўдзячны жэст на разьвітаньне з годным беларусам і вялікім грамадзянінам. Атрымалася ўдалая імправізацыя на суцяшэньне нашага агульнага болю. Я выбраў чорна-белы варыянт. Праз час пастараемся вярнуцца і да «бел-чырвона-белага», каляровага. З Вашай прапановай цыклю Памяці паэта, спадзяюся, пагодзяцца шматлікія прыхільнікі творчасьці Ніла Гілевіча.
«Беларуская Незалежнасьць пануе ў прасторы купалавых радкоў — «ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!»
Першы «дзеяносны» ліст-пошту, які мы атрымалі на конкурс, даслаў Адам Жукоўскі. Я кажу гэта трохі ўрачыста, бо ліст ня толькі запачаткаваў наш дзейны зваротны працэс (нагадаю, конкурс працягнецца да 25 жніўня), але падаецца характэрным з гледзішча чытацкага водгуку як вельмі апэратыўнага. Пачнём са здымкаў Адама. Спроба даць шматаблічную хроніку жыцьця сьвяточна-публічных месцаў сталіцы нагадвае рэпартаж, які, на жаль, пакуль цяжка зьвязаць з умовамі конкурсу. Аднак, чорна-белы адбітак з Дзядоў-2009, падаецца, варты досыць прыдзірлівага адбору. Як і другі, варты папросту нашай чалавечай спагады і спачуваньня.
Адам Жукоўскі напісаў:
«Я з пакаленьня, што народжанае ў апошні год Саюза. Спадзяюся, прыкладзеныя здымкі стануцца для вас пэўным люстэркам, адной з рэдкіх праяў маёй беларускасьці. Станьце сьведкам таго, як перада мной, бязглуздым школьнікам-інтравертам паступова й непазьбежна ўзьнікае пытаньне: а чаму, вось, мы, беларусы, маем столькі сьцягоў і адкуль (што да мяне) цягнуцца ўсе гэтыя матчыны спрэчкі з бабуляй, зь якіх я ўпершыню пачуў пра чалавека, які штомесяц радуе старых прадуктова-мізэрнай пэнсіяй і штовечар — забаўляльна-пазнавальнымі «абяцанкамі-цацанкамі» па БТ... Можа, менавіта таму мае студэнцкія гады (я паступіў у МДЛУ у 2007) былі прасякнутыя несьвядомым імкненьнем зразумець, прычыніцца да супрацьлеглых сіл, што стаяць за гэтым спэктаклем з чорнымі спэцназаўцамі і лебядзінай песьняй напаўжывога нацыянальнага руху (дагэтуль так і ня ўцяміў, як правільна — руху ці руха, але ўсё адно — у той краіне, дзе цяпер жыву, усе размаўляюць па-ангельску). І вось, на галоўнай сцэне-Плошчы, нібыта кожны зноў у сваёй ролі: мы — нябесная сотня, а яны, звыкла, — крывавы рэжым.І я назіраю дзею за дзеяй і сам імкнуся на гэтую сцэну, пакуль не прыходзіць урэшце разуменьне, што наша Незалежнасьць — гэта пакуль што адно толькі горыч і недарэчнасьць паразаў ды змарнаваная чалавечая годнасьць... А яна, Беларуская Незалежнасьць пануе выключна ў рытарычнай прасторы Купалавых радкоў «ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!»
Так напісаў Адам Жукоўскі. Дзякуй, Адам! Нягледзячы на пэўную Вашу расчараванасьць, раю Вам працягваць шукаць каштоўны сэнс беларускай Незалежнасьці ў Вашым «люстэрку» фатаграфіі. Вы першы, хто адгукнуўся на наш фотаконкурс. Віншуем і чакаем новых здымкаў.
«Незалежнасьць — гэта душа!»
Belriot (псэўданім аўтара чарговага здымка), здаецца, сваім камэнтаром сказаў ня менш, чым фотавыявай, — што вельмі дарэчы, асабліва на старце, калі пэўныя трапныя фармулёўкі спрыяюць засваеньню тытульных патрабаваньняў. Ён слушна тлумачыць:
«Незалежнасьць — гэта тое, што заўсёды з намі Гэта тое, чаму не замінае нават суворая рэчаіснасьць. Гэта тое, што ўнутры, нягледзячы на вонкавы сьвет. Незалежнасьць — гэта душа!»
Віншуем, Belriot. У Вас неблагі пачатак. Паспрабуйце свой ляканічны дэвіз укласьці ў будучыя фотасюжэты. Вельмі творчая задачка. І ня толькі для Вас. Разам — атрымаецца!
5 здымкаў ад вядучага
(пяць — паводле рэглямэнту)
Выбіраючы са сваіх назапашаных фотавалізак тое, што найбольш адпавядае формуле фотаконкурсу, лаўлю сябе на думцы: вось жа, быццам толькі і здымалася што пра нашую незалежнасьць, часам гарушчую, часам сьветлую, і ўсё, што здымалася, — гэта стан душы. Прапаную ня майстар-клас, а сяброўскі абмен каштоўнасьцямі і драбінкамі Часу нашай вялікай Радзімы. Сьвятло на сьвятло.
Ліставаньне
Тарэса С. Дашліце новае. Яшчэ раз прачытайце нашыя ўмовы.
М.А., Наваполацак. Здымак нельга паставіць з этычных меркаваньняў.
Раман Н. Дасылайце новае. Дзякуй!
Аляксандар. Уважліва прачытайце ўмовы, дашліце новае.
Да наступнай суботы! Будзем узаемадзейнічаць па схеме «ад серады да серады». Гэта значыць, апошнім днём, каб патрапіць у чарговую галерэю, выбірайце сераду, хоць скрыня, натуральна, праглядаецца штодня без выключэньня. Пабачымся!
З аглядам фотаскрыні вядучы
Валер Дранчук
Удзельнікі:
Воля Дольная-Валошка
Адам Жукоўскі
Belriot