У Нагорным Карабаху ідуць баі, ёсьць страты з абодвух бакоў
Прэс-сакратар міністра абароны Армэніі Арцрун Аванісян на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў пра актыўныя баявыя дзеяньні ў Нагорным Карабаху.
«На дадзены момант працягваюцца актыўныя баявыя дзеяньні. Армянская армія нанесла контрудар і па шэрагу напрамкаў перайшла ў контранаступленьне», — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, з абодвух бакоў ёсьць страты. «Азэрбайджанскі бок панёс шматлікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, у тым ліку верталёт. У цяперашні час ініцыятыва ў баявых дзеяньнях знаходзіцца ў нашых руках», — адзначыў Аванісян.
У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны Азэрбайджана абвяргаюць паведамленьні пра зьбіты верталёт.
Раней прэс-служба Арміі абароны Нагорнага Карабаху паведаміла, што на лініі судакрананьня ўзброеных сіл Нагорнага Карабаху і Азэрбайджана ў ноч з 1 на 2 красавіка азэрбайджанскі бок распачаў наступальныя дзеяньні на паўднёвым, паўднёва-ўсходнім і паўночна-ўсходнім напрамках. Пры гэтым разам зь іншымі відамі зброі былі выкарыстаныя артылерыя, бронетэхніка і паветраныя сілы.
Мінабароны Армэніі выступіла з заявай, асудзіўшы «беспрэцэдэнтна агрэсіўнае і безадказнае» рашэньне ўладаў Азэрбайджана пачаць баявыя дзеяньні і папярэдзіўшы, што яны могуць мець «непрадказальныя наступствы для Азэрбайджана».
Мінабароны Азэрбайджана ў сваю чаргу абвінавачвае армянскі бок ва ўзброеных правакацыях.
«Уначы 2 красавіка азэрбайджанскія пазыцыі былі абстраляныя з мінамётаў і буйнакалібэрных кулямётаў. Былі абстраляныя разьмешчаныя ўздоўж лініі фронту населеныя пункты. Азэрбайджанскі бок распачаў меры ў адказ», — паведаміў vesti.az прэс-сакратар Міністэрства абароны Азэрбайджана Вагіф Дзяргахлы.
У ведамстве адзначаюць, што ў выніку абстрэлаў армянскіх ваенных адзін мірны жыхар быў забіты і адзін паранены.