Паніхіда адбылася ў Сьвята-Пакроўскім саборы з ініцыятывы мясцовых сьвятароў.
Паніхіда за спачын душы Ніла Гілевіча ў гарадзенскім Сьвята-Пакроўскім саборы распачалася а 16-й гадзіне. Яе служылі адразу сем сьвятароў, служба вялася на беларускай мове.
Сьвятар айцец Георгі Рой сказаў Свабодзе, што сярод сьвятароў шмат аматараў беларускай паэзіі і наагул літаратуры. А Ніл Гілевіч, паводле яго, — адзін з тых беларускіх паэтаў, якога вельмі шанавалі і будуць шанаваць у царкве.
Паводле яго, паніхіду прызначылі менавіта ў дзень пахаваньня, бо многія хацелі б асабіста разьвітацца з паэтам, але ня маюць такой магчымасьці.
— А таму гэта наш хрысьціянскі абавязак — памаліцца за спачын ягонай душы. А таксама і грамадзянскі абавязак, паколькі гэта наш на цяперашні час апошні народны паэт Беларусі, які змог выказаць тое, што адчуваюць беларусы адносна сваёй Радзімы, адносна сваёй гісторыі і сучаснасьці. І для нас натуральна, разьвітваючыся з такім вялікім сынам нашай Айчыны, за яго памаліцца.
Айцец Аляксандар займаецца літаратурай. Кажа, што сумна было пачуць пра сьмерць Ніла Гілевіча, бо літаральна некалькі дзён таму ў гарадзенскае аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў перадалі кнігу, падпісаную Нілам Гілевічам, і ён трымаў яе ў руках.
— Гэта вялікая страта, бо каму яшчэ і калі дадуць званьне народнага паэта Беларусі? Кажуць жа, што сапраўдныя паэты нараджаюцца раз на сто гадоў...
Сярод прысутных у храме былі і гарадзенскія літаратары, а таксама былыя выкладчыкі з факультэту беларускай філялёгіі ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч — адзін з тых, хто добра ведаў ня толькі творчасьць Гілевіча, але і асабіста яго як чалавека. Ён кажа, што гэта вельмі цяжкая страта.
— Гэта страта для ўсёй нацыі і нацыянальнай культуры, бо гэта ня проста вядомы літаратар, а гэта яшчэ самы вялікі змагар за беларушчыну сярод пісьменьнікаў яшчэ з савецкага часу. Ён быў вядомы сваёй пазыцыяй чалавека цьвёрдага, непахіснага ў барацьбе за беларушчыну. Акрамя ўсяго, гэта постаць у літаратуры: выдатны паэт, перакладчык, фальклярыст, пэдагог, прафэсар унівэрсытэту — гэта вялікая постаць у нацыянальнай культуры. І, як кажуць, апошні з магіканаў: такой велічыні побач зь ім сёньня ўжо няма...
Гарадзенская паэтка Ала Петрушкевіч кажа, што сёньня разьвітвалася зь Нілам Гілевічам дзякуючы прамой трансьляцыі Радыё Свабода. Паводле яе, у кожнага свой Гілевіч і свой Купала, і ёй сёньня ўзгадваецца нешта сваё:
— Найперш я ўяўляю Ніла Сымонавіча на лесьвіцы Дома літаратара на Фрунзэ. Вось ён зьбягае з гэтай лесьвіцы, а насустрач яму Алесь Белакоз, і кажа, што мае справу наконт паэта М.Арла. Гілевіч адказвае, што ў яго пяць хвілін, а потым, паслухаўшы Белакоза, забывае пра ўсё і з жалем кажа, што ня ведаў гэтага паэта... і робіць усё, каб ягоная кніжка пазьней пабачыла сьвет. А яшчэ — маленькі хлопчык чытае са сцэны: Я беларус, я нарадзіўся на гэтай казачнай зямлі, Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх спрадвеку волаты жылі... Гэты верш чытаў мой сыночак, а цяпер унук... Гілевіч застанецца нягледзячы на тое, як сёньня ставяцца да літаратуры.
А вось сталая верніца, якая трымае ў руках зьнічку і прагаворвае словы малітвы за Гілевіча. Я цікаўлюся ў яе — кім быў Гілевіч для вас?
— Гэта сымбаль служэньня беларускасьці. Я ўспрыняла гэтую страту як асабістую. Больш за тое, я была ягонай студэнткай на першым курсе ў БДУ на філялягічным факультэце. Ён у нас чытаў фальклёр: гордая асанка, чупрына прыгожая, малады, статны быў такі... Была некалькі гадоў таму на сустрэчы зь ім, так добра пагаварылі. І таму я тут. Больш за тое, лічу, што грамадзянскі абавязак кожнага чалавека — прыйсьці сёньня сюды ў храм, каб памянуць яго.
Філялягічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы — побач са Сьвята-Пакроўскай царквой, але ніводнага студэнта на паніхідзе па Нілу Гілевічу не было.