На тэрыторыі анэксаванага Расеяй Крыму пачаў працаваць спадарожнікавы тэлеканал на крымска-татарскай мове. Пра гэта заявіў гендырэктар каналу Сейран Мамбетаў.
Раней прарасейскія ўлады паўвострава зачынілі ўсе незалежныя крымска-татарскія СМІ.
Намесьнік кіраўніка дзейнага ў Крыме ўраду Руслан Бальбек заявіў, што галоўная задача новага каналу «Мільлет» ( «Народ») — супрацьстаяць антырасейскай прапагандзе.
Яшчэ ў жніўні 2015 году крымска-татарскія актывісты пратэставалі супраць рэгістрацыі каналу, называючы яго «інструмэнтам пракрамлёўскай прапаганды».
Менавіта 1 красавіка 2015 году прарасейскія ўлады Крыму зачынілі адзіны крымска-татарскі тэлеканал АТR і некалькі яго філіяў. Гэты крок рэзка асудзілі ЗША, Эўразьвяз, АБСЭ і Аmnesty International, расцаніўшы яго як далейшае наступленьне на правы і свабоды крымскіх татараў.
Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 году пачаткам часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расеяй. Краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыма незаконнымі і асудзілі дзеяньні расейскіх уладаў. Расея адмаўляе факт акупацыі Крыма і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».