Літва абвінавачвае Менск у невыкананьні абяцаньняў па Беларускай АЭС

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не атрымлівае ўсіх адказаў ад Менска, зьвязаных з бясьпекай АЭС у Астраўцы.

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не атрымлівае ўсіх адказаў ад Менска, зьвязаных з бясьпекай АЭС у Астраўцы.

Такую пазыцыю міністар выклаў на сустрэчы са спэцпасланьнікам Дзярждэпартамэнта ЗША па пытаньнях энэргетыкі Амасам Хаштэйнам, перадае delfi.lt.

«На жаль, усё яшчэ няма адказаў на пастаўленыя Літвой пытаньні пра выбар пляцоўкі для Беларускай АЭС, аналіз уплыву на навакольнае асяродзьдзе. Беларускія ўлады пакуль не дэманструюць гатоўнасьці рэалізаваць сваё абяцаньне правесьці тэставаньне АЭС, якая будуецца ў неспрыяльных умовах», — прыводзяцца словы міністра ў прэс-рэлізе.

Па словах Лінкявічуса, станцыя будуецца ў 50 км. ад Вільні «без захаваньня міжнародных стандартаў бясьпекі».

Менск адкідае гэтыя прэтэнзіі, заяўляючы, што на АЭС забясьпечаны вышэйшыя стандарты бясьпекі. Астравецкую АЭС будуе расейская атамная карпарацыя «Расатам». Паводле інфармацыі беларускіх уладаў, першы блёк можа быць запушчаны ў 2018 годзе.