ЗША патрабуюць ад Расеі вярнуць Крым і спыніць падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе

Джошуа Бэйкер

«ЗША не прызнаюць Крым часткай Расеі і ня будуць прызнаваць! Мы хочам, каб Расея вярнула Крым і каб спыніла ваенна-палітычную падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе», — заявіў Свабодзе прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Джошуа Бэйкер.

«ЗША не прызнаюць Крым часткай Расеі і ня будуць прызнаваць! Мы хочам, каб Расея вярнула Крым і каб спыніла ваенна-палітычную падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе», — заявіў Свабодзе прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Джошуа Бэйкер.

У Вашынгтоне праходзіць саміт па ядзернай бясьпецы, у якім прымаюць удзел больш за 50 усясьветных лідэраў — у тым ліку і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Расея ігнаруе гэты саміт.

Такія саміты праводзяцца кожныя два гады з 2010 году, і цяпер на чацьвёртым саміце прыярытэтам зьяўляецца пытаньне кантролю за нераспаўсюдам ядзерных матэрыялаў, каб яны ня трапілі ў рукі тэрарыстычных груп. Пытаньні нераспаўсюду і скарачэньня ядзернай зброі таксама абмяркоўваюць у амэрыканскай сталіцы.

Пра ход і значэньне ядзернага саміту Радыё Свабода размаўляе з прадстаўніком Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джошуа Бэйкэрам.

— На думку многіх, адбыўся нейкі парадокс: пасьля атрыманьня незалежнасьці Ўкраіна пазбавілася ад ядзернага арсэналу на сваёй тэрыторыі, перавезла яго ў Расею, і былі дадзеныя гарантыі ўкраінскага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Але Расея анэксавала Крым, парушыла ўкраінскую тэрытарыяльную цэласнасьць і Будапэшцкі мэмарандум.

— Вы правільна ўзгадалі Будапэшцкі мэмарандум, калі Ўкраіна сама аддала свой ядзерны арсэнал, і я ўсё ж лічу, што тут быў правільны крок. На самай справе, ядзерны арсэнал ня быў гарантам тэрытарыяльнай цэласнасьці. І Злучаныя Штаты не прызнаюць Крым часткай Расейскай Фэдэрацыі і ня будуць прызнаваць! І таму мы наклалі на Расейскую Фэдэрацыю эканамічныя санкцыі, бо яны зьяўляюцца вельмі эфэктыўным інструмэнтам. І мы заклікаем — і дзяржсакратар Керы сказаў гэта падчас знаходжаньня ў Маскве, і прэзыдэнт Абама казаў гэта прэзыдэнту Пуціну — што мы хочам, каб Расейская Фэдэрацыя вярнула Крым і каб яна таксама спыніла ваенна-палітычную падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе. Мы ня хочам, каб незаконны захоп Крыма і ваенныя дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі на Данбасе нэгатыўна паўплывалі на глябальную і калектыўную бясьпеку, зьвязаную менавіта зь ядзернымі матэрыяламі, таму што гэта розныя рэчы. Вось чаму дыялёг працягваецца ў дачыненьні да расейскіх дзеяньняў ва Ўкраіне, а на саміце па ядзернай бясьпецы абмяркоўваецца тэма ўмацаваньня глябальнай архітэктуры, размова ідзе пра праблемы, зьвязаныя зь ядзерным тэрарызмам.

Цалкам інтэрвію можна пачытаць на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.